Праект газеты
Трэнды «Зара» і ўсе-ўсе-ўсе. У Беларусі запрацавалі шэсць новых крам адзення ЦЭНЫ14

Шапаголікаў сёння чакалі некалькі сюрпрызаў: разам з Zara ў Dana Mall каля Нацыянальнай бібліятэкі пачалі працу і іншыя крамы канцэрна Inditex Group: Zara Home, Pull&Bear, Bershka, Stradivarius і Oysh.

Zara з'яўляецца вядучай і самай папулярнай гандлёвай сеткай групы кампаній Inditex, таму пра яе прыход у Беларусь марылі перш за ўсё. Ажыятаж вакол з’яўлення іспанскага брэнда ў нашай краіне назіраўся некалькі гадоў запар: адкрыццё фірменнай крамы пастаянна пераносілі. Аднак дзень «X» надышоў.

На афіцыйнае адкрыццё крамы ў абедзенны час прыйшлі каля 200 чалавек.

Разумеючы, што ў некаторых чытачоў могуць узнікнуць пытанні накшталт «І што нам з гэтай Зары?», «Чаму да звычайных шмотак столькі ўвагі?» прапануем 5 фактаў пра адну з самых буйных міжнародных лінеек адзення.

1. Заснавальнік брэнда Zara Амансіё Артэга, каб дапамагчы сваёй беднай сям’і грашыма, кінуў школу ў 12 гадоў. Першым яго месцам працы стала крама-атэлье, куды ён уладкаваўся асістэнтам па продажах. Неўзабаве разам з братам Антоніа, зводнай сястрой і першай жонкай яны здолелі самастойна адкрыць невялікую майстэрню, дзе стваралі модныя ў тыя часы падшываныя халаты. Крыху пазней Амансіё змог дазволіць сабе выкупаць і адпраўляць на экспарт рэчы іншых іспанскіх вытворцаў. Першую ўласную краму ў Іспаніі ён адкрыў у 1975 годзе. Калі Зарай былі запоўненыя ўсе магчымыя куткі роднай краіны, Артэга ўзяў курс на модныя сталіцы свету.

2. У 2015 годзе Амансіё Артэга на некалькі дзён узначаліў рэйтынг найбагацейшых людзей свету па версіі Forbes, апярэдзіўшы Біла Гейтса. Але ён ніколі не даваў інтэрв’ю журналістам.

3. Першапачаткова магазін адзення называўся Zorba, як персанаж у фільме «Грэк Зорба», але прадпрымальнікам не ўдалося атрымаць права на выкарыстоўванне такога імя.

4. Галоўная фішка брэнда, на якую і клюнулі пакупнікі: мадэлі-двайнікі вядомых модных дамоў па нізкіх коштах. Дызайнеры хутка рэагуюць на апошнія тэндэнцыі, і адзенне ў крамах абнаўляецца амаль штотыднёва. Дзякуючы разнастайнасці, рэчы Zara апранаюць як кіназоркі, так і студэнты, як клеркі, так і хіпстары.

5. Беларусь стала 94-й краінай, дзе цяпер будзе прысутнічаць брэнд. Праўда, калі параўноўваць кошты з тым, што прадстаўлена ў краінах-суседках, можна заўважыць, што яны адрозніваюцца ў сярэднім на 15-30 %: танней закупляцца іспанскім адзеннем у Вільні і Варшаве, аднак у нас выгадна шопіцца ў параўнанні з Кіевам ці Масквой.

Колькі будуць каштаваць новыя рэчы на асенні сезон у Zara без зніжак? (прыводзім сярэдні кошт)

Жаночае паліто: 235 BYN

Цёплы швэдар: 75 BYN

Бацільёны: 149 BYN

Жаночыя штаны: 122 BYN

Мужчынская куртка: 155 BYN

Джынсы: 104 BYN

Кашулі: 79 BYN

Дзіцячая сукенка: 61 BYN

Штаны для хлопчыкаў: 74 BYN

Cумкі і заплечнікі: 89 BYN

Яшчэ адна, сёмая крама канцэрна Massimo Dutti, запрацуе 12 жніўня.

Кацярына Карпіцкая, фоты Сяргея Гудзіліна

Каментары
Анцiк / Адказаць 10.08.2017 / 13:17

ня слаба цэны

2
каста / Адказаць 10.08.2017 / 13:46

круцяк!

8
ххх / Адказаць 10.08.2017 / 14:31

Это всё только для тех у кого з/п более 1000$.

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні