Праект партала
Гісторыі
10.07.2017 / 09:50
Беларускамоўная змена — самая масавая. Як працуе дзіцячы навуковы лагер9

Пастраляць з бульбагана, адправіцца ў лес з металашукальнікам па скарбы ды стаць сведкам вадароднага выбуху — на такія забавы бацькі наўрад ці падпішуцца дома. Таму дзеці, якія наведваюць летні навуковы лагер Ximikids, у ім сапраўды адрываюцца. А заадно падцягваюць беларускую мову.

Супрацоўнік Сяргей дэманструе дзецям магчымасці току.

Дзіцячы летні лагер на базе навуковай лабараторыі Ximikids з'явіўся тры гады таму. Яго ідэйны натхняльнік і дырэктар Алег Мінулін шмат вандраваў і для сябе адзначыў, што ў Беларусі не стае эксперыментальных музеяў для дзяцей. Не хапае — значыць, трэба ліквідаваць гэты прабел.

Лагер на базе музея пачаў працаваць крыху пазней, аднак Алег ні на секунду не сумняваўся ў тым, што адна з яго змен будзе цалкам беларускамоўнай, бо карысных забаў на мове ў краіне існуе яшчэ менш.

Хутка намаганнямі Кацярыны Смолік на свет з'явіцца лізун-антыстрэс!

«Некаторыя маці ды таты да гэтага часу пытаюцца, навошта нам беларускамоўная змена. І мы спрабуем растлумачыць: як жа, мы жывём у Беларусі, у нас ёсць тыя, хто размаўляе выключна на мове, гэта запатрабавана», — расказвае «начлаг» Кацярына Смолік. Дарэчы, беларускамоўная змена ў лагеры атрымалася самай масавай.

Аднак ёсць і супрацьлеглыя погляды на прапанову: частка бацькоў, нават цалкам рускамоўных, спецыяльна вядзе сюды малых за руку, каб тыя падцягвалі веды матчынай, першай дзяржаўнай. Такі сцэнар, напрыклад, у Сафіі Сядзельнікавай. У беларускамоўным асяроддзі яна ўпершыню, паспрабаваць такі варыянт правядзення канікул ёй прапанавала маці. Дзяўчынка пакуль што блытаецца паміж азначэннямі тыдня і нядзелі, але ўжо сцвярджае, што, размаўляючы па-беларуску, адчувае сябе асаблівым чынам. «Мне тут прыгожа», — дае адзнаку таму, што з ёй адбываецца, Соня.

Сафія скрозь люстэркі.

Гвалтоўна прымушаць ісці ў лагер у прынцыпе нікога не прыйшлося: дзеці самі ўгаворвалі старэйшых запісаць іх на такі летні адпачынак. Так, Паўліна Карцава наведвае гэты лагер трэці год запар: «Сёлета бацькам было крыху шкада грошай паўтарацца, аднак я іх усё роўна ўпэўніла, што мне тое трэба. Тут весела, дома я толькі пакецік з вадой магла сабе дазволіць пратыкаць алоўкамі, а тут ў нас і вадародныя выбухі, і стральба бульбай!» — з захапленнем пералічвае дзяўчынка. Паўліна марыць стаць ілюстратарам, і ў гэтым ёй дапамагаюць лагерныя заняткі па леанардыцы — дысцыпліне, дзе навука мяжуе з мастацтвам.

Адметна, што ў лагеры дзецям рэзка становіцца не да планшэтаў і тэлефонаў: нават тыя адзінкі, якія бяруць іх у рукі, хутка атрымліваюць заўвагу ад сяброў: «Хопіць ужо, пакладзі на месца, хадзем змея ў паветра запускаць!».

Ян Сідорык таксама наведвае лагер ужо трэці раз. Амаль заўсёды апранае на занятках халат. Сёлета да Ximikids далучыўся і яго малодшы брат Адасік. 

Па словах выхавальнікаў, у некаторых бацькоў, на жаль, не хапае часу на тое, каб арганізоўваць нестандартныя, займальныя заняткі для дзяцей дома. Камусьці — банальна лянота. Мноства доследаў пры жаданні можна паўтараць і ў хатніх умовах, аднак не ва ўсіх дарослых да гэтага даходзяць рукі, нават калі яны паабяцалі дзецям. Таму ў лагеры апошнія з задавальненнем робяць лізуноў, таўматропы (цацкі, якія працуюць на аптычнай ілюзіі) ды зачыняюцца ў 3d-люстэркавай шафе. Свет тут робіцца куды шырэйшым за межы пакоя і нашы пра яго ўяўленні. І, здаецца, калі б тыя, хто ладзіць жорсткі прапускны кантроль для дзяцей і бацькоў у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе базіруецца лагер, у дзяцінстве наведвалі нешта падобнае, наўрад ці выбудоўвалі такія межы. Бо калі мысліць глабальна, свет іх не мае.

Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура