Праект партала
Густ
04.07.2017 / 16:22
Дызайнерка з Тайланда стварыла калекцыю адзення з беларускім арнаментам ФОТЫ3

Сёння ў нашай краіне нікога не здзівіць вышываная кашуля ці сукенка з традыцыйнымі беларускімі матывамі — вышыўкай, тканінай, фактурай. Хваля захаплення этнічным тут ператварылася ў сапраўдны модны трэнд. Таму і навіна пра новую калекцыю, якая падае этніку ў не зусім звыклым ключы, спачатку не выклікае здзіўлення.

Але ўсё змяняецца, калі даведваешся, што такія смелыя рашэнні ў выкарыстанні нашых традыцыйных колераў, матываў, асобных элементаў арнаменту характэрныя для рэчаў, створаных дызайнеркай Сіці Сіцірад з Бангкока.

Тут і ніжэй фота: thehandmadediary.com

— Як вы маглі здагадацца, у Паўднёва-Усходняй Азіі пра Беларусь пачуеш нячаста, — расказвае Сіці. — Але дзякуючы сацыяльным сеткам у мяне ёсць сябры з вашай краіны. Час ад часу ў чаце яны апавядаюць пра Беларусь, дасылаюць сувеніры. Гэта дапамагло мне зразумець, што паміж беларускай, рускай, украінскай культурамі ёсць адрозненні. І гаворка не толькі пра мову, але і пра адметныя рысы.

Як кажуць, адметнасці лепш бачацца здалёк, таму і дызайнерскія рашэнні, прынятыя Сіці, падаюцца сапраўды нечаканымі. Прынамсі, для вока беларуса, звыклага мысліць, абапіраючыся на традыцыйныя ўяўленні пра арнамент і спосабы яго выкарыстання.

— Я мастачка-рамесніца ці, прынамсі, магу сябе так назваць, — тлумачыць дызайнерка. — Мяне натхняе штодзённасць, а таксама цікавяць спосабы ўпісаць традыцыйныя матывы ў сучаснае жыццё. Напрыклад, не так даўно я набыла японскае кімано і ператварыла яго ў новае адзенне. Або для вырабу зімовых паліто выкарыстоўваю тайскі шоўк ці саматканую бавоўну. Калі мне падарылі кнігу, прысвечаную традыцыйным беларускім касцюмам і арнаментам, я была крыху здзіўленая. Тут пабачыла класічнае спалучэнне чырвонага і белага колераў, адрознае ад уяўлення пра «сінявокую Беларусь», што мела дагэтуль. Але падумалася: выдатна, калі людзі, якія жывуць у акружэнні прыгожых пейзажаў, носяць такое адзенне. Таму і сама пачала вывучаць матывы арнаментаў, некаторыя запазычыла.

Ці быў страх нешта зразумець няправільна, не зусім карэктна ўжыць вобраз ці асобны элемент?

— Мне сапраўды спадабалася працаваць з беларускімі матывамі, я пачувала сябе вольнай і не думаю, што ў нечым цалкам мела рацыю ці памылілася. Вядома, я адчуваю павагу да культуры і крыху баюся рэакцыі, бо не ведаю, што самі беларусы скажуць пра маю калекцыю. Ці будзе для іх яна ў цэлым выглядаць як натхнёная Беларуссю.

На пытанні, хто ж будзе насіць гэтыя рэчы і ці завяршыла яна работу над калекцыяй, Сіці адказвае:

— Мае работы заўсёды ў адзінкавым экзэмпляры, таму іх пакупнікі хутчэй — калекцыянеры мастацтва. Калекцыя ніколі не з'яўляецца адразу цалкам, таму магу з упэўненасцю сказаць, што яна будзе дапаўняцца новымі рэчамі. Мне ж яшчэ столькі хочацца зрабіць!

За творчасцю Сіці Сіцірад можна сачыць у яе блогу thеhаndmаdеdіаrу.соm. Дарэчы, з нядаўняга часу, дзякуючы беларускім сябрам дызайнеркі, ён займеў і беларускамоўную версію.

zviazda.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура