Праект партала
Стасункі
26.06.2017 / 21:45
Яшчэ адно захапляльнае вяселле ў нацыянальным стылі ФОТЫ36

У гісторыі кахання бізнэс-аналітыка ІТ-кампаніі Эміліі Скарабагатай і графічнага дызайнера Алега Зелянкевіча ўсё адбылося як у той песні: «Музыка нас звязала». Прычым, звязалі іх менавіта беларускія спевы. Так што ў тым, што ў выніку і вяселле яны зрабілі ў нацыянальным стылі, не было нічога дзіўнага.

Эмілія і Алег.

Як усё пачалося? Эмілія навучалася ў школе арт-менеджараў «Арт-сядзібы» і ў якасці выпускнога праекта рабіла складанку песень на словы беларускіх паэтаў «Паэты жывуць у песнях». Алег жа ў гэты час меў свой гурт «Wartha», адна з песень якога была напісаная на словы Янкі Купалы «Паўстань». Ён пагадзіўся на просьбу Эміліі, якая напісала яму, уключыць кампазіцыю ў зборнік, пасля дапамагаў з дызайнам вокладкі і агульным прамоўшнам. Аднак, калі з праектам было скончана, іх камунікацыя прыпынілася. Хто ведае, як яно ўсё скончылася б, калі б хлопец не праявіў ініцыятыву: праз некаторы час Алег прапанаваў Эміліі паўдзельнічаць у стварэнні новай песні ў якасці вакалісткі. Спачатку яны запісалі кампазіцыю для «Wartha», а хутка распачалі асобны музычны праект «Rahnieda» — металічны гурт, які натхняецца рамантычна-містычнымі вобразамі бацькаўшчыны. Пакуль разам займаліся музыкай, паспелі і закахацца.

«Калі справа дайшла да вяселля, іншых варыянтаў, акрамя як рабіць яго беларускім, не было», — згадвае Эмілія.

Са звычайнымі вяселлямі прасцей у тым сэнсе, што ўжо існуюць нейкія калькі-арыенціры. Тут жа маладым прыйшлося амаль усё прыдумляць самастойна. Працэс атрымаўся супертворчы: за паўгода падрыхтоўкі да шлюбнай цырымоніі яны не толькі пазнаёміліся з новымі людзьмі, але і даведаліся шмат цікавага пра беларускія вясельныя традыцыі.

Галоўную ролю на свяце грала прырода: пярсцёнкі ляжалі ў скрыні з мохам, брама была з раслін, паўсюль ляжала папараць, а замест століка выкарыстоўваўся пянёк.

«У першую чаргу, прыродны краявід нам быў патрэбны для абраду. Яго змест складзены на аснове этнарафічных матэрыялаў і сучасным досведзе выкарыстання абрадаў у розных галінах культуры. Гэта спроба сумясціць традыцыйны трохдзённы вясельны абрад і 30-хвілінную рэгістрацыю. Мяне выводзіў брат Арцём [Пра брата Эміліі нашым чытачам таксама вядома — НН], Алега — маці. Апішу коратка, што там адбывалася. Мы ўмывалі рукі — гэта падрыхтоўка да сакральнага дзеяння. Потым нам іх абвязалі поясам і правялі вакол дрэва тры разы. Мы мяняліся пярсцёнкамі. Пілі мядовы напой з аднаго кубка. Спальвалі першы вянок і апраналі другі — сімвал пераходу ў замужняе жыццё. Тушылі вогнішча малаком. У канцы госці абсыпалі нас зернем і хмелем. Усе дзеянні суправаджаліся народнымі спевамі», — расказвае пра абрад дзяўчына.

Сцэнар абраду рыхтавала ўдзельніца гурта UŁA, з якім ён і праводзіўся, вядучым быў Франак Вячорка. Прамовы вядучага таксама былі нестандартныя: «А ўжо часіна ды ўжо гадзіна князю ды княгіні на пасад ісці, золатам-шоўкам шлях мясці…».

Нявеста надзела звычайную вясельную сукенку з элементамі вышыўкі. Чырвоную аплікацыю разам з поясам стварыла сяброўка Эміліі. Гальштук Алега вырабіла «ETNO manufaktura». А вось для гасцей ніякага дрэс-кода не было — галоўнае, каб яны не прыходзілі на абцасах, бо для танцаў на траве патрэбны зручны абутак.

«Асаблівым наша вяселле было яшчэ і па прычыне адсутнасці тамады. Шмат каму не падабаюцца дурацкія конкурсы, вечнае гудзенне пра абы-што. Мы ўлічылі гэта і прыбралі непатрэбны элемент. Мы проста адпачывалі і размаўлялі. А каб людзям не было сумна, застолле разбавілі народнымі танцамі, гульнямі, цірам. Таксама ў нас былі хлопцы з рыцарскага клуба, з якімі можна было пастраляць з лукаў і арбалетаў, кідаць сякеры, нажы і нават дзіды».

Ежу Эмілія і Алег таксама падбіралі адпаведную: плоў, звараны на вогнішчы ў велізарным казане, запечаныя бульбачка і мяса. У сядзібе Верагі, дзе ўсё адбывалася, печка стаіць проста на вуліцы, і ежа гатавалася на месцы.

Пасля асноўнай часткі, бліжэй да ночы, старэйшае пакаленне раз'ехалася, а моладзь засталася на ноч: спяваць беларускія песні пад гітару вакол вогнішча.

У выніку і маладыя, і іх госці былі вельмі задаволеныя тым, што выйшла:

«Гэта нашмат лепш за нейкі стандарт. Па-першае, свята вельмі спадабалася старэйшаму пакаленню: зразумела, што ў нашых бабуль ды дзядуль такіх традыцый ужо не было, але народныя песні і некаторыя часткі абраду ім блізкія. Па-другое, калі такое робіш, ты далучаешся да сакральнага. Ну, і ў трэціх, вяселле ў такім фармаце — гэта своеасаблівы зварот да каранёў, да мінулага і роднага. А гэта, як нам падаецца, вельмі важна».

Кацярына Карпіцкая, фота Анастасіі Філіпенка і Марыі Каралёвай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура