Праект партала
Рост
24.05.2017 / 06:33
Галоўная беларуская феміністка: «Людзі здзіўляюцца, што я 22 гады ў шлюбе» 76

Кіраўніца арганізацыі «Гендарныя перспектывы», якая дабіваецца роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі, расказала «Нашай Ніне», чаму нельга ўсіх феміністак успрымаць аднолькава, якім чынам ад раўнапраўя таксама выйграюць хлопцы і як рашыцца пайсці супраць шкодных правіл, навязаных грамадствам.

Ірына Альхоўка.

«Наша Ніва»: Як вы сталі феміністкай? Наўрад ці вы раслі ў сям’і з нейкім нетрадыцыйным падыходам да выхавання дзяцей.

Ірына Альхоўка: Сапраўды, у мяне была самая звычайная сям'я. Памятаеце, такія маленькія адрыўныя календары, што віселі амаль у кожнай савецкай кватэры (яны і цяпер, відаць, існуюць)? Калі мне было гадоў 8, маці вырвала адтуль паперку і ўручыла мне. Там быў надрукаваны спіс спраў, з якім павінна даваць рады дзяўчынка: у тры гады — плесці косы, у пяць — прыбіраць цацкі і ложак, да дзевяці ёй варта ўмець шыць навалачку… Шчыра кажучы, я так і не навучылася апошняму, але ад гэтага менш «дзяўчынкай» сябе не адчуваю.

«Адпусціць» сябе, не абвінавачваючы ў тым, што я нешта не магу з таго, што патрабуе пэўная гендарная роля, я змагла толькі пасля 30 гадоў. Свядома называю сябе феміністкай апошніх гадоў дзесяць.

У 1996 годзе я была першай, хто на філасофска-эканамічным факультэце БДУ абараніў дыплом на тэму правоў жанчын і гендарных адносін. Тады толкам ніхто не разумеў: жаночыя правы, гэта яна пра што? Яшчэ ж у Савецкім Саюзе дэкларавалася, што ўсё ў гэтым плане дасягнута. Аднак у нашым грамадстве да мужчын і жанчын ставяцца па-рознаму.

Звязана гэта, па-першае, з падзелам улады, калі мужчына «валадарыць» у публічнай прасторы, а жанчына «кіруе» у сям'і, а таксама з банальнымі стэрэатыпамі і перадузятасцю: напрыклад, жанчыны звычайна дрэнна разбіраюцца ў тэхніцы, а мужчынам не дадзена як след памяняць памперсы. І чалавек, які выскоквае з традыцыйнай ролі, адразу ж трапляе пад прыцэл асуджэння: дзяўчыну, якая не хоча мець дзяцей, задзяўбуць сваякі, а мужчыну, які вырашыў сядзець у адпачынку па доглядзе за дзіцем, абзавуць бабай.

Для мяне фемінізм — вельмі натуральная рэч, нармальны спосаб жыць у раўнапраўных адносінах, дзе кабета не сядзіць на шыі ў мужа, а ён падзеліць з ёй побыт ці пойдзе ў дэкрэтны адпачынак, калі будзе трэба. Сэнс у тым, каб індывідуальна выбіраць сацыяльныя ролі. Гэта і ёсць раўнапраўе.

«НН»: Пры ўсёй логіцы поглядаў да феміністак у нас ставяцца не лепшым чынам…

ІА: Звычайна ў наш бок можна пачуць: «гэта яны такія, бо мужыка сабе нармальнага не знайшлі» ці калі ён ёсць, то падабцаснік, і гэтак далей. Калі людзі высвятляюць, што я 22 гады ў шлюбе, у мяне ёсць дарослы сын, яны вельмі здзіўляюцца. Сваім прыкладам я імкнуся развенчваць міфы. Феміністкі розныя: замужнія і не, з дзецьмі і без, гетэрасэксуалкі і лесбіянкі. Існуе шмат плыняў фемінізму — як і не адна псіхалагічная школа, напрыклад. Ёсць радыкальна настроеныя дзяўчыны, якія лічаць, што прадстаўнікі супрацьлеглага полу настолькі прасякнуты духам панавання над жанчынамі, што яны не могуць памяняцца. Я з імі не згодная, і гэта яшчэ раз даказвае: ніхто не манапалізаваў фемінізм.

«НН»: Вашаму сыну 21 год, вы выхоўвалі яго нейкім асаблівым чынам, не так, як тое рабілі вашы бацькі?

ІА: Думаю, нейкія базавыя рэчы падобныя да тых, што існуюць у іншых сем’ях: клапаціцца пра сябе, быць паслухмяным, не хлусіць, умець казаць «не», прасіць дапамогі, калі яна патрэбна… Што тычыцца гендарных рэчаў, для мяне важна было не столькі казаць сыну нешта, колькі дэманстраваць на сваім прыкладзе. Калі спытаць у яго, што робіць бацька, ён адкажа: тата зарабляе грошы, выносіць смецце, гатуе ежу, мые посуд і гэтак далей. А што робіць мама? Тое ж самае. У нас няма такога, што я вяртаюся дамоў, а муж крычыць мне: «Ну, дзе ты ходзіш? Я прагаладаўся!».

Мне падабаецца, што ў кампаніі сына заведзена, каб кожны разлічваўся сам за сябе. Калі 14-гадовы хлопец запрашае дзяўчыну ў кіно і набывае ёй квіткі — гэта смешна, бо абодвух спансуюць бацькі першага. Менавіта так мы вучым нашых дзяцей парушаць традыцыйныя гендарныя ролі.

Вы можаце адказаць, хто вырашыў, што мужчына абавязаны плаціць за дзяўчыну, рабіць ёй прапанову і таму падобнае? Гэта нейкае смецце ў галаве, якое нам толькі перашкаджае рэалізаваць уласны жыццёвы сцэнарый.

«НН»: Адзін з асноўных аргументаў, чаму жанчыны не могуць разлічваць нават на такую ж працу, як мужчыны, — яны фізічна слабейшыя ад прыроды…

ІА: Калісьці на адным беларускім сайце я прачытала наступную думку: «Раз у жанчын месячныя — значыцца, ім нельга кіраваць тэхнікай і давяраць жыццё людзей: падчас крытычных дзён яны губляюць кантроль». Гэта была крытыка ў адрас першай беларускай пілоткі. Для мяне падобныя меркаванні — ну, проста сярэднявечча нейкае.

Калі нават мы не падыходзім пад «ідэальных» работнікаў са сваімі фізічнымі магчымасцямі, што будзем рабіць з пенсіянерамі ці з людзьмі з інваліднасцю? Можа, і неданошаных дзяцей не трэба выходжваць? Давайце тады змяняць Канстытуцыю, уводзіць абмежаванні ў правах па прыкметах фізічнага здароўя.

Ці ўсё ж трэба зразумець, што раўнапраўе — гэта роўныя правы, а не целы, паспрабаваць даверыцца людзям. Жанчына вырашыла, што яна зможа працаваць пад зямлёй, таму што там больш плацяць, — значыць, хай нясе адказнасць за гэта рашэнне.

«НН»: Калісьці я рабіла гутарку з псіхолагам, якая сцвярджала, што ў Беларусі ўжо даўно матрыярхат ды з правамі жанчын усё ў норме: тое, чым займаюцца сёння феміністкі — гэта дробязі, на якія мужчыны нават не звярнулі б увагі.

ІА: Матрыярхат ў нас толькі у сем'ях, таму што на жанчынах ляжыць непрапарцыйна большая адказнасць за побыт і выхаванне дзяцей. Але такая ўлада ілюзорная. З другога боку, самі жанчыны часта не падпускаюць партнёраў да выхавання дзяцей: ён чэпчык надзене не так або шкарпэткі розныя, забудзе пакарміць… Ну і што? У некаторых сем’ях мужчын вызваляюць ад хатніх абавязкаў, каб яны зараблялі больш грошаў, але ім ад гэтага не лягчэй. Па-першае, мы пазбаўляем іх той цёплай, чалавечай сувязі з дзецьмі. Па-другое, гэты цяжар з пошукамі сродкаў існавання вельмі цісне на псіхіку. І пры гэтым мужчынам «нельга плакаць». Калі б прырода гэтага не хацела, яна б не дала ім слёзныя залозы.

У Беларусі існуе праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», адзін з мэтавых паказчыкаў якой — павелічэнне працягласці жыцця. А ў нас разрыў паміж жанчынамі і мужчынамі амаль 12 гадоў (для параўнання, у Швецыі гэты паказчык складае 6 месяцаў). І калі мы будзем бясконца кідаць хлопцаў на цяжкую вытворчасць, у траўманебяспечны спорт, перакладаць на іх плечы аднаасобную адказнасць па ўтрыманні сям'і, сітуацыя стане толькі горш.

Фемінізм не за тое, каб і жанчын адправіць у «пекла», накшталт хочаце роўных правоў — ідзіце ў шахту. Я за тое, каб на заканадаўчым узроўні пераглядаліся жорсткія правілы ў спорце, праца станавілася больш аўтаматызаванай і бяспечнай, каб да людзей ставіліся як да людзей, а не да элементаў, якіх можна танна выкарыстоўваць у пэўных мэтах.

Правы мужчын таксама парушаюцца. У нас ёсць ініцыятывы па абароне бацькоў і па развіцці тата-школ («Клуб ільвоў», напрыклад). Аднак гэтага мала.

У Беларусі, на жаль, той, хто адказны за заканадаўства, часам сам не ідэнтыфікуе дыскрымінацыю па палавой прыкмеце. Напрыклад, суддзя, нягледзячы на тое, што ў нашай краіне дзіця ўжо даўно можа гадавацца бацькам, становіцца на бок жанчыны, кіруючыся толькі асабістым меркаваннем і стэрэатыпамі пра тое, што малому з маці лепей.

Ніхто не забараняе мужчынам аб’яднацца ў арганізацыі і змагацца за свае правы. З іншага боку, я разумею, чаму яны амаль на гэта не ідуць: грамадская дзейнасць не з’яўляецца прэстыжным заняткам, бо ў гэтай сферы мала грошаў.

«НН»: Чым небяспечная сэксісцкая рэклама, што з ёй так актыўна апошнім часам змагаліся беларускія феміністкі?

ІА: Міжнародны вопыт дэманструе, што гендарныя стэрэатыпы, навязаныя ў тым ліку рэкламай, спрыяюць развіццю культуры гвалту і часцяком яму папярэднічаюць. Жанчынам пасылаюць супрацьлеглыя сігналы: ты павінна выглядаць пэўным чынам, адпавядаць стандартам прыгажосці… Пры гэтым калі з прывабнай дзяўчынай адбудзецца гвалт, нават калі хтосьці за дупу ў аўтобусе кране, яна пачуе, што сама вінаватая. Навошта фарбавалася і апранула кароткую спадніцу? Выходзіць, калі ў кіроўцы крадуць дарагую машыну, ён таксама сам вінаваты: трэба было набываць танныя «Жыгулі» і не вылузвацца.

Да рэкламы ў мяне асноўнае пытанне: чаму адтуль на нас амаль не глядзяць людзі з інваліднасцю ці з нестандартнымі формамі?

Мы чамусьці не прывыклі, што ў грамадстве ёсць людзі, якія адрозніваюцца ад стандартаў, хоць мы ўсе такія. Калі ў рэкламе будуць мільгаць розныя асобы (з ідэальнай знешнасцю і не, з інваліднасцю, з кубікамі прэса і не толькі), тады можна будзе казаць пра людзей як асоб, і гэта будзе самы лепшы паказчык знакамітай беларускай талерантнасці.

«НН»: Вы папракаеце тых, каму нармальна жывецца ў так званых звыклых ролях?

ІА: У сацыялогіі ёсць паняцце «сіла слабых» — гэта тычыцца ўсіх сацыяльных груп, якія не маюць намінальнай сілы ў грамадстве: палітычнай, меркаванняў і інш. Яны спрабуюць дамагацца ўлады іншымі шляхамі, часцей за ўсё — маніпуляцыяй. Жанчыны, напрыклад, пускаюць у ход чары, знешні выгляд, каб, гуляючы па агульнапрынятых правілах (якія ўстаноўлены не імі), дамагчыся жаданага. Такія прыклады можна назіраць, калі яны будуюць кар'еру ў «мужчынскім» бізнэсе або шукаюць спадарожніка жыцця.

Некаторыя мамы загадзя гадуюць прынцэс, галоўны сэнс жыцця якіх — дачакацца прынца. Не рэалізаваць сябе, быць незалежнай, ці хаця б роўнай з выбраннікам, а менавіта сядзець і чакаць. З такіх вырастаюць жанчыны-спажывальніцы, што наведваюць курсы сцерваў кшталту: «Як быць разумнай, прыкідваючыся дурніцай?», «Як прымусіць яго працаваць, а самой сядзець дома?».

Я не асуджаю людзей, проста разумею, чаму яны паступаюць такім чынам — гэта следства размеркавання гендарных роляў.

«НН»: З чаго пачынаецца шлях да раўнапраўя?

ІА: Спачатку трэба задумацца: тыя правілы, па якіх вы жывяце, кім яны вызначаныя? Вы з імі згодныя? Калі так, то добра. Аднак калі вы адчуваеце ўнутранае напружанне і сумнеў, не цярпіце. Чаго вы хочаце як жанчына ці мужчына? Сям’я і дзеці — гэта насамрэч ваш выбар, ці таго патрабуюць сваякі, якія не могуць дачакацца ўнукаў? Трэба дазволіць сабе жыць па-іншаму, калі таго хочацца. І растлумачыць асяроддзю, што вы маеце на гэта права.

Кацярына Карпіцкая, фота аўтара

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура