Праект партала
Густ
22.05.2017 / 12:55
«Жаночыя штаны — гэта барацьба за роўныя правы». Нагавіцы ад Вольгі Гарапучык57

Журналістка і рэдактарка Marketing.by Вольга Бігель (да шлюбу — Гарапучык) дала старт уласнаму праекту «Bigel»: пашыў стыльных жаночых штаноў у гаме прыродных адценняў. У будучыні пад гэтай маркай плануецца выпускаць пінжакі, кашулі і нават кімано.

Вольга Бігель ва ўласных штанах.

«Я стала займацца адзеннем толькі таму, што жыць інакш не магла», — пачынае Вольга. І выглядае сапраўды так. Са школьных гадоў дзяўчына актыўна эксперыментавала са знешнасцю, вучыўшыся ўспрымаць любую крытыку і заставацца сабой. У студэнцкія часы, будучы незадаволенай тым, што прапаноўвае мас-маркет (рэчы то сядзелі кепска, то склад тканіны быў жудасны), яна адшукала майстра, якому даверыла вялікую долю свайго гардэроба.

«Пазней я пачала вывучаць адзенне не толькі з пункту гледжання прыгажосці, а менавіта яго філасофію, гісторыю развіцця і значэнне таго ці іншага элемента. Мара пра тое, што я буду ствараць нешта самастойна, не давала мне спакою. Усе гады я вагалася і не верыла ў тое, што змагу. Мне страшна і цяпер. Толькі ўсё ж заплюшчыла вочы і зрабіла першыя крокі».

Нягледзячы на ўсе сумненні, Вольга пачала з адной з самых складаных рэчаў у гардэробе, тлумачачы гэта наступным чынам: «Жаночыя штаны — гэта гісторыя фемінізму, барацьбы жанчын за свабоду і роўныя правы з мужчынамі. Але яны не мэта — а толькі пачатак і падмурак. Далей мне б вельмі хацелася працаваць і з іншымі элементамі: пінжакамі, кашулямі і кімано».

Сваю назву лінейка аўтарскіх штаноў атрымала ў гонар прозвішча мужа Вольгі, які з’яўляецца і галоўным памочнікам, і крытыкам адначасова.

Сама дзяўчына не шые, перадаўшы працэс у рукі прафесійнай швачкі-канструктара, але распрацоўвае ўсю канцэпцыю.

«На будучыя мадэлі мяне натхняе мінулае. Я не дызайнер, і вельмі неразумна лічыць, што можна стварыць у гэтай галіне нешта непаўторнае. Усё лепшае па формах, па прыгажосці спалучэнняў дэталяў распрацавалі яшчэ ў мінулых стагоддзях. Я проста бяру вобразы, якія лічу вартымі, і адаптую пад нашу рэчаіснасць».

Вольга не разумее, чаму большасць вытворцаў сёння забыліся, што жаночыя штаны трэба рабіць па тых жа правілах і гэтак жа добра, як і мужчынскія: «У іх выкарыстоўваецца безліч дадатковых дэталяў: гарсажных стужак, падкладак ніжэй калена і шмат іншага, патрэбнага, каб штаны не гублялі форму. Я імкнуся вярнуць у жаночыя варыянты гэтыя элементы, каб працэс нашэння быў прыемным і доўгім».

Каманда «Bigel» працуе па ўзорах: пакуль што дзяўчынам-кліенткам прапануецца некалькі відаў штаноў, якія можна разгледзець, памацаць і абраць тое, што найбольш спадабалася. Падчас прымеркі вызначаюцца будучыя даўжыня і аб’ем таліі. На працягу тыдня патрэбная мадэль адшываецца і, нарэшце, трапляе ў рукі ўладальніцы.

Новы праект звяртаецца да рознай тканіны, і айчыннай, і замежнай. Галоўнае — каб там не было ніякага 100%-га поліэстэру. У летні час «Bigel» будзе рабіць стаўку на лён. Што тычыцца кошту, то на гэты момант ён не пераходзіць мяжу 100 рублёў. Самымі дарагімі будуць класічныя мадэлі.

«Наша доўгатэрміновая мэта — стварыць брэнд больш складаным, чым проста пашыў ці продаж адзення. Хутчэй я бачу нават нейкую супольнасць з лекцыямі, сустрэчамі і мерапрыемствамі, дзе б распавядалі пра гісторыю адзення, яго філасофію, як у беларускай культуры, так і ў сусветнай. Так што вельмі адкрытыя да сумесных праектаў», — прыадкрывае некаторыя карты стваральніца праекта.

Хутка ў «Bigel» запрацуе сайт, а пакуль што сачыць за тым, куды ён рухаецца, можна ў інстаграме.

Яшчэ больш візуальнай прыгажосці шукайце ў інстаграме Нашай Нівы.

Чытайце таксама: Ікона стылю Вольга Гарапучык выйшла замуж

Кацярына Карпіцкая, фота Яўгеніі Зносак

Каментары
Генэрал Голад / Адказаць 22.05.2017 / 13:05

Эх! Вось чаму ў жанчын не растуць барада з вусамі? От каб расьлі, то было б сапраўднае раўнапраўе... 

11
3001 / Адказаць 22.05.2017 / 13:06

а мужчыны, як хадзілі ў "лапсердаках" у 19 стагодзьдзі, так і да сёньня ходзяць.
можна сказаць, што цяперака мужчыны ўжо павінны змагацца за свае правы, але ім усё адно..матрыярхат не за гарамі ;-)

а дызайнерцы посьпехаў, бо добра, калі займаешся нечым ад сэрца

10
хамса / Адказаць 22.05.2017 / 13:07

хм.. 'у гаме прыродных адценняў'.. прырода мае ўсе адценні (каляровыя кветкі, птушкі і інш.).. але ў прыроды ці ёсць такія роўныя палоскі, як на першых двух фота?
а апошняе фота нагадала 90-я: піджакі такіх колераў)

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура