Праект газеты
Густ Як выжывае хлопец андрагіннай знешнасці, які трапіў па размеркаванні ў вёску145

Людзі, якія не ведаюць Уладзіслава Ліксунова асабіста, звычайна канфузяцца: хлопчык перад імі ці дзяўчынка? Сам ён ужо даўно прызвычаіўся да пільнай увагі да сваёй персоны. Уладзь расказаў «НН», як жыць у талерантнай (?) беларускай правінцыі, калі ты не такі, як усе.

«Да нас едзе бухгалтар!» — здаецца, гэта навіна за апошнія некалькі гадоў стала галоўнай падзеяй для вёскі Янава, што ў Віцебскай вобласці. Бухгалтары-мужчыны — у прынцыпе з’ява ўнікальная, а калі яны яшчэ і незвычайна выглядаюць!..

«Калі я толькі прыбыў сюды, мне далі хацінку, у якой нават печ нельга было паліць, прыбіральня і калонка знаходзіліся на вуліцы. Канешне, я так ніколі не жыў, таму пачаў шукаць лепшы варыянт. Знайшоў больш-менш прыстойны пакой, які зараз здымаю у мясцовай жанчыны», — згадвае Уладзь.

Але трошкі адматаем гэтую гісторыю.

Любоў да эксперыментаў са сваёй знешнасцю напаткала хлопца нечакана. У 2006 годзе ён набыў музычны часопіс, дзе з вокладкі на яго пазіраў сумны хлопчык з ярка-чорнымі валасамі і нафарбаванымі вачыма. Гэта быў Біл Каўліц з «Tokio Hotel». Яго разважанні ў інтэрв’ю і адвага самавыяўлення натхнілі падлетка і, як кажуць, Астапа панесла.

«У звычайным вобразе, шырокіх штанах і майках, што выбіралі бацькі, мне з дзяцінства было некамфортна. Прыклад Біла дапамог мне раскрыцца, не баяцца выглядаць так, як хочацца».

Уладзь пачаў мяняцца разам са сваім кумірам: незвычайныя стрыжкі, цёмная вопратка, нафарбаваныя вочы, начосы, амаль андрагінная знешнасць, блізкая да анарэксіі… Увесь гэты працэс вельмі захопліваў яго, але не сваякоў і адміністрацыю гімназіі. «У школе мяне пачалі цкаваць, я пастаянна чуў у свой адрас знявагі, мяне штурхалі і абкладвалі мацюкамі. Дырэктар некалькі разоў выклікаў на «дыван». Я прыходзіў дадому і стараўся забыць гэтыя падзеі, як жахлівы сон. Бацьку таксама не падабалася тое, якім падрастае яго адзіны сын. Канечне, ён хацеў бачыць мяне «нармальным», але пасля шэрагу скандалаў і размоў ён з маці змірыліся».

Нягледзячы на тое, што Уладзь марыў падацца ў творчую прафесію і вывучыцца на візажыста ці цырульніка, паспрабаваць сябе ў мадэльным бізнэсе, маці з татам настаялі, каб перш-наперш сын атрымаў «сур’ёзную спецыяльнасць».

Нядаўні школьнік стаў студэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (той самай, якую скончыў Аляксандр Лукашэнка). Вясковага размеркавання, якое характэрна для большай часткі профіляў гэтай установы, пазбегнуць не ўдалося — так ён апынуўся ў Янава, дзе яму адчыніўся зусім невядомы да гэтага свет.

Мясцовае насельніцтва новага суседа сустрэла з цікаўнасцю. Жанчыны дык увогуле вельмі хутка пачалі прымаць хлопца за свайго, калі ён расказваў ім, што такое цірамісу, часопіс Vogue і шмат іншага. А вось мужчыны дагэтуль могуць дазволіць сабе негатыўныя каментары ў адрас хлопца.

«Ёсць мужыкі, якім я вельмі не падабаюся. Асабліва яны не могуць успрыняць мой «жаночы голас» і доўгія валасы. Гэта пры тым, што ў вёсцы я стараюся збіраць іх у хвост ды пазбягаць яркай касметыкі! Да збіцця, дзякуй божа, не даходзіць: фізічнае прыставанне засталося ў школьных сценах», — расказвае Уладзіслаў.

Праз некалькі месяцаў адаптацыі хлопец здабыў славу нядрэннага стыліста: кабеты з канторы пачалі раіцца з калегам наконт знешнасці і нават звяртацца па дапамогу: вышчыпаць бровы ці зрабіць мэйкап.

«Адна з жанчын нядаўна папрасіла мяне зрабіць дачцы макіяж на выпускны. Такі давер, прызнаюся, цешыць маё самалюбства. Калі ты бярэш у рукі пэндзлік і ствараеш на твары нешта новае, падкрэсліваеш лепшыя рысы чалавека — гэта сапраўдны кайф. Такая справа прыносіць мне задавальненне. Я гатовы ў гэтым жыць і памерці».

Што тычыцца бухгалтэрыі, адразу было зразумела, што гэта не гісторыя нашага героя. Ад падліку запчастак, малака і сродкаў хлопец шалее. Асабліва цяпер, калі ў калгасе праблемы з заробкамі: апошні раз з некаторымі разлічваліся ажно ў снежні.

Ад мары стаць шматпрофільным beauty-спецыялістам Уладзь да гэтага часу не адмовіўся і закрэслівае дні, якія засталіся да канца размеркавання. Можа, са сваім досведам ён аднойчы адчыніць салон прыгажосці ў такой вось правінцыі?

У канцы нашай гутаркі Уладзь дае ўсім, хто да гэтага часу баіцца самавыяўляцца, параду, дзейнасць якой ён праверыў на сабе:

«Не трэба звяртаць увагу на каментары чужых людзей. Заставайцеся сабой: жыццё ў нас адно. Галоўнае, верыць у сябе, што б ні здарылася. Нават самая складаная сітуацыя прадугледжвае прасвет».

Кацярына Карпіцкая, фота з асабістага архіва героя

Каментары
Гумка / Адказаць 06.05.2017 / 16:11

ну и пофиг

17
Ждун / Адказаць 06.05.2017 / 16:14

аааааа! вот трактористам и дояркам потеха))) хорошо, что такую нежную натуру отправили в деревню, хоть жизни посмотрит, а не только "тирамису" и гламурные журналы

77
' / Адказаць 06.05.2017 / 16:16

Яму б яшчэ валасы аддаць прафесияналу прапрацаваць - пакликау' бы замуж.

54
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура