Праект газеты
Тонус Пра першую жаночую каманду па амерыканскім футболе11

«Мінскія анёлы» — так будзе звацца жаночая каманда, якую трэніруюць хлопцы з «Літвінаў».

Апошнія ўжо больш шасці гадоў працуюць у сталіцы і не раз станавіліся прызёрамі міжнародных спаборніцтваў. Першая каманда па амерыканскім футболе з’явілася ў Беларусі ў 1989 г. і звалася «Мінскія драконы». Што да жаночага пачатку гэтага віду спорту, то свету ён знаёмы з 1920-х. Свае каманды хутка з’явіліся не толькі ў Амерыцы, але і ў Вялікабрытаніі, Расіі і нават Швецыі. Цяпер такая будзе і ў нашай краіне. Як яшчэ адзін доказ таго, што футбол — не толькі мужчынская гульня. І змагаюцца тут па-сапраўднаму, без выключэнняў і сопляў.

«НН» пагутарыла з некалькімі ўдзельніцамі «Мінскіх анёлаў» і высветліла, чаму яны прыйшлі ў гэты спорт і пра што мараць.

Аляксандра Саяпіна, праграміст:

— Да каманды далучылася ў снежні. Не паверыце, але да гэтага часу я амаль не займалася спортам. А вось назіраць за рознымі спаборніцтвамі любіла. Як толькі ўбачыла абвестку, што ў нас ствараецца жаночая каманда, адразу захацела паспрабаваць. Прыйшлося адкінуць думкі пра тое, што ў мяне не атрымаецца, што я буду самай маруднай, перасіліць усё гэта і прыйсці на першую трэніроўку. Я закахалася ў гэты від спорту! Дзякуючы яму, стала больш хуткай, вынослівай і, што яшчэ больш важна, знайшла новых сябровак. У нас вельмі класная атмасфера. Некаторыя думаюць, што амерыканскі футбол вельмі траўманебяспечны, але за ўвесь час я нажыла толькі гузакі, і тое, праз уласную неасцярожнасць.

Галоўнае адрозненне мужчынскіх каманд ад жаночых, на мой погляд, у тым, што першыя занадта напружваюцца, канцэнтруюцца на выніках, а мы проста даём выхад эмоцыям, часам — назапашанай агрэсіі, і таму заўсёды выходзім з трэніровак з усмешкамі.

У будучыні мне хацелася б мець магчымасць спаборнічаць з дзяўчатамі з іншых краін.

Настасся Дабравольская, супрацоўніца МНС:

— З дзяцінства я займалася гандболам. Калі мая каманда развалілася, трэба было зноў шукаць сябе. Усё пачалося з таго, што я заўзела за «Літвінаў». Год таму вырашыла прыйсці з імі патрэніравацца. Аднойчы хлопцы проста прапанавалі стварыць жаночую каманду.

Цяпер вольнага часу пасля працы і трэніровак амаль не застаецца, але гэта тое, што мне падабаецца: тут шмат адрэналіну. Пастаянны рух, які зачароўвае.

Вераніка Язневіч, сабакарка:

— Убачыўшы гульню жыўцом першы раз, я загарэлася: падбегла да трэнераў «Літвінаў» і папрасілася на трэніроўкі, а хутка ўжо маліла іх стварыць жаночую каманду. У выніку я ў тэме амаль чатыры гады. Канешне, калі казаць пра нейкі больш-менш сур’ёзны ўзровень, то гэта толькі апошні год. Мне пашанцавала: апроч звычайных трэніровак, я мела магчымасць дадаткова займацца побач з домам, дзякуючы мужу маёй сястры, які таксама жыў амерыканскім футболам.

Гэта не проста спорт, гэта інтэлектуальнае спаборніцтва.

І неверагодны выкід адрэналіну. Для мяне футбол — гэта вельмі сур’ёзна, без яго я ўжо не змагу.

Вікторыя Навіцкая, будучы юрыст:

— Чаму мяне гэта зацягнула? Па-першае, гэта вельмі незвычайна для нашай краіны. Па-другое, па натуры вельмі баявая, і тут гэта знаходзіць карыснае прымяненне. Ты можаш быць любой камплекцыі і фізічных дадзеных і займацца гэтым. У нас усіх вельмі розны ўзрост, ад 18 да 33 гадоў, але гэта не важна. Мы — каманда і сяброўкі па-за трэніроўкамі.

Міраслава Оцінава, маркетолаг:

— Я ніколі не сябравала са спортам, больш цікавілася мастацтвам. Спартовую залу і басейн наведвала, калі толькі натхненне было. Аб’ява пра набор на амерыканскі футбол мне спадабалася тым, што не патрабавалася ніякіх спецыяльных дадзеных ці падрыхтоўкі. Пасля першай трэніроўкі мне падавалася, што ў мяне нават скура баліць, было цяжка хадзіць, аднак хутка я ўцягнулася, і цяпер чакаю новых сустрэч.

Тут я атрымала своеасаблівы штуршок, асэнсаванне: ты ўсё можаш. Акрамя гэтага, заняткі вельмі бадзёраць і дысцыплінуюць. Цела падцягваецца, а частка негатыўнай энергіі выходзіць у пазітыўнае рэчышча.

Хутка на «НН» — відэа з трэніровак «Мінскіх анёлаў». Не прапусціце!

Кацярына Карпіцкая, фота Настассі Роўды

Каментары
LMI / Адказаць 20.03.2017 / 14:58

І дазваліцельна супрацоўніцы лукашенкавага МНС выступаць пад велічным гербам Гедымінавічаў Калюмнамі ???

19
Раман / Адказаць 20.03.2017 / 15:17

Тое, што футбол - не толькі мужчынскі занятак, у развітых краінах даўно не выклікае здзіўлення. Мы, як заўсёды, адстаем на дзясяткі год.

2
Жрун / Адказаць 20.03.2017 / 16:43

Дзяўчынкі прыгожыя! Шкада, што не ў дзеяннях. Чакаю відэа :)

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні