Праект партала
Тонус
20.02.2017 / 11:08
Выбіраем здаровыя прадукты разам з фітнес-трэнерам15

На што трэба звярнуць увагу, калі ты клапоцішся пра свой фізічны і духоўны стан? Экскурсію па карыснай ежы спецыяльна для чытачоў «НН» правяла персанальны трэнер з «Імперыі сілы» Валерыя Казакевіч.

Забягаючы наперад, адзначу: прыемна ўразіла, што большасць добрых прадуктаў — менавіта беларускай вытворчасці.

Чырвоная рыба

Рыба з'яўляецца найбагацейшай крыніцай амега-3 тлустых кіслот, якія бяруць удзел у стварэнні новых клетак арганізма, і мінеральных рэчываў. Таксама яна на першым месцы па колькасці вітаміну D, якога так бракуе ў нашых шыротах. Добра есці яе хаця б раз-два на тыдзень. Акрамя чырвонай рыбы, ешце і іншыя віды марской рыбы, асабліва палтуса, траску, а таксама печань траскі.

Алей з лёну

Вельмі добра ўплывае на рэпрадуктыўныя жаночыя органы, выцясняе дрэнны халестэрын і засцерагае ад атэрасклерозу. Таксама льняны алей уключаюць у касметычныя прадукты: ён умацоўвае валасы, пазногці, павялічвае эластычнасць скуры. Плюс яго ў тым, што, у параўнанні з тым жа аліўкавым, ён каштуе менш. Калі абіраеце алей, глядзіце на бутэльку: абірайце цёмную, у ёй ён лепш захоўваецца.

Грэчаскі ёгурт

Калі задавацца мэтай заўсёды вывучаць склад прадукту, можна ўбачыць, што вытворцы піхаюць цукар амаль усюды. Яно і зразумела: цукар хутка выклікае залежнасць, і нам усё больш хочацца купляць смачнасці з ім (а норма ўжывання, дарэчы, усяго 6 чайных лыжак на дзень). Празмернасцю белага «наркотыку» грашаць ёгурты, а вось у грэчаскім яго няма. Прадукт больш чым натуральны: толькі малако і закваска. Дадатковы бонус — у яго прыемная, густая кансістэнцыя, таму ён зможа замяняць смятану.

Тварог, ды каб тлусты

Кальцый без тлушчу не засвойваецца, таму калі вы з'ясцё абястлушчаны і нават аднапрацэнтны тварог, то, па-першае, нармальна не наясцеся, па-другое, не атрымаеце патрэбных карысных рэчываў. Таму я раю ўсім сваім кліенткам, якія худнеюць, купляць тварог з тлустасцю ад 2%, а ўсім астатнім можна і большай тлустасці.

Малочныя кактэйлі

Тут чысты бялок. Кактэйль можна піць падчас перакусу, такім чынам даючы арганізму патрэбную колькасць бялку. «Экспанента» каштуе значна танней за адмысловыя пратэінавыя кактэйлі, а купіць яе можна амаль у кожнай краме.

Аўсяная каша

Крупы — аснова асноў, з якой павінен складацца рацыён. Увесь сакрэт у складаных вугляводах, якія з'яўляюцца крыніцай энергіі. Як думаеце, чаму жанчыны, якія сядзяць на бялковай дыеце, так дрэнна выглядаюць, яны нервовыя і ўвесь час не задаволеныя жыццём? Гэта ім вугляводаў бракуе. Я аддаю перавагу «Геркулесу», а не камякам накшталт «Экстра №3», якія не патрабуюць варкі. У ім мінімальна апрацаванае зерне з захаванымі вітамінамі, макра- і мікраэлементамі.

Кукурузныя шматкі

Вельмі часта на ўпакоўцы пішуць: без цукру, для тых, хто вядзе здаровы лад жыцця, робяць пазнакі «фітнэс» і г. д. Пры гэтым у складзе можна выявіць фруктозу — на справе, амаль такі самы дададзены цукар. Увогуле, раю не весціся на модныя надпісы тыпу «арганічны», «бія»: найчасцей гэта маркетынгавыя хітрыкі, каб прадаць звычайны ці не самы лепшы прадукт даражэй.

Проса

Круцейшае за рыс ці грэчку большай канцэнтрацыяй бялку! Бярыце тыя пачкі, дзе няма смецця, а зярняткі выключна цэльныя. Проса ідэальна пасуе тым, у каго праблемы са страўнікава-кішачным трактам.

Макарона

Абірайце выключна з мукі цвёрдых гатункаў пшаніцы (група «А», гатунак вышэйшы). Добрая падказка — гэта і выгляд: якасная макарона будзе больш жоўтай і шчыльнай, а на прасвет не мутнай, а амаль празрыстай. 

Фасоля

Багатая крыніца магнію і жалеза: адны з самых патрэбных элементаў для жанчын. Пры нястачы магнію абвастраюцца ўсе наступствы ПМС. Калі вы хутка стамляецеся, ёсць перапады з настроем: з'ешце фасолі, рыбы, закусіце шакаладкай — і будзе вам шчасце.

Хлябцы

Чым прасцейшы склад, тым лепш. У гэтых варыянтах утрымліваецца цэльнае зерне пшаніцы і жыта, жытнёвы солад, крыху солі, закваска — і ўсё.

Чорны хлеб

Не трэба зусім выключаць хлеб з рацыёну! Канкрэтна ў жытнёвым утрымліваецца мноства вітамінаў групы B. Зважайце на чарговасць інгрэдыентаў: тыя, якіх больш, будуць на пачатку. Яшчэ важна агледзець упакоўку: калі яна замасленая, гэта нездаровы хлеб. Нядрэнныя варыянты асабіста для мяне: «Водар» ці жытнёвы «Барадзінскі».

Вотруб’е

Добрая крыніца расліннай клятчаткі. Сама люблю і кліенткам рэкамендую такі вось рэцэпт на іх аснове: жменя вотруб'я, тварог і кефір/ёгурт. Падыдзе як варыянт на вячэру.

Горкі шакалад

Чым больш працэнтаў какава-бабоў, тым лепш. Пры інтэлектуальных нагрузках — гэта проста выратаванне. Таксама выдатны варыянт перакусу: як па мне, нават заглушае апетыт. Паміж асноўнымі прыёмамі ежы можна яшчэ пажаваць арахісавую халву, напрыклад. Але не варта грашыць з колькасцю салодкага. Праблемы ж з'яўляюцца не з-за прадуктаў, а ад іх празмернага ўжывання.

Гародніна і садавіна

Зімой я рэкамендую купляць замарожаныя брокалі і струкавую фасолю. Стаўлю «лайк» авакада. Усякія памідоры і агуркі ў нас у гэты час года, на жаль, не вельмі. Садавіну таксама лепш абіраць сезонную ці сушаную: чарнасліў, курага, фінікі і журавіны. Я яшчэ люблю бананы — крыніца гармону шчасця, якога нам у восеньска-зімовы перыяд дакладна бракуе. Калі сустрэнеце ў крамах, абавязкова купляйце шыпшыну — менавіта яна ўтрымлівае ў сабе больш за ўсё вітаміну С, а не цытрусавыя, як думаюць многія. Таксама вітамінам С багата любімая беларусамі бульба.

Цыкорыя

Для ўсіх, у каго падвышаны ціск, яе ўжыванне — гэта сапраўдны лайфхак. І выдатны варыянт, каб адысці ад злоўжывання кавай.

Запісала Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура