Праект партала
Рост
28.09.2017 / 13:29
Гісторыя жыцця Ліліі Ананіч, якая тры гады была міністрам інфармацыі

Артыкул пра гісторыю жыцця Ліліі Ананіч быў апублікаваны ў «Нашай Ніве» ў ліпені 2014 года, адразу пасля яе прызначэння на пасаду міністра інфармацыі.

Адзначым, што публікацыя выклікала гнеў чыноўніцы.

У дзень яе адстаўкі нагадваем пра той рэзанансны артыкул.

* * *

Лілія Ананіч — гісторыя настаўніцкай дачкі з пушчанскага краю

У беларускім урадзе з'явілася яшчэ адна жанчына­кіраўніца. 30 чэрвеня 2014 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў на пасадзе міністра інфармацыі Лілію Ананіч.

«Я вельмі спадзяюся, што вы ведаеце ўсе недахопы і паставіце міністэрства так, каб потым не было сорамна ні вам, ні краіне», — наказаў ёй кіраўнік дзяржавы.

«Памаўчым…», «Хіба бывае сорамна, калі смешна?», «Ды на гэтыя твары страшна глядзець! Што яны могуць змяніць у лепшы бок? Правільна, нічога. Толькі забароны, якія замінаюць жыць звычайным людзям», — вось тры самыя папулярныя каментары пад навіной аб прызначэнні Ананіч на апалітычным партале Onliner.by.

Гэта Ананіч падпісвала дакумент аб спыненні дзейнасці выдавецтва «Логвінаў» за выданне альбома «Прэс­-фота Беларусі—2011», гэта яна выносіла папярэджанні незалежным СМІ, гэта яна апелявала да досведу Кітая, які ўвёў інтэрнэт­-цэнзуру. Крэда новай міністаркі добра сфармуляванае ў фразе: «СМІ — гэта не чацвёртая ўлада, а партнёры ўлады».

Зрэшты, палітычная пазіцыя Ліліі Ананіч добра вядомая. «Наша Ніва» вырашыла паглядзець на чыноўніцу з іншага, «чалавечага», боку.

Мядоцкі край

Паўднёвы ўсход Барысаўшчыны мясцовыя жыхары называюць Мядоцкім краем. У часы Вялікага Княства Літоўскага тут была непралазная Барысаўская пушча, а пасля на яе абшарах паўсталі некалькі дзясяткаў вёсак.

Леванова, дзе і нарадзілася Лілія Ананіч, адна з іх. У вёсцы засталося менш за 200 чалавек, хоць, здаецца, яшчэ нядаўна колькасць жыхароў даходзіла да 800. Затое сіламі энтузіястаў у вясковай бібліятэцы з’явіўся музей народнай творчасці і побыту. Ягоная кіраўніца Марыя Несцяровіч ведае ўсё пра славутых землякоў.

«Мы так любім Лілію Станіславаўну! У нас штогод праходзяць сустрэчы з землякамі, дык яна была тры разы запар, — расказвае яна. — Звычайна дарыла кнігі, а летась прывезла музычны цэнтр. Толькі сёлета не прыехала. Мусіць, як стала міністрам, то ўжо і не зможа прыязджаць. Столькі спраў у яе будзе!»

Міністэрская вёска

Леваноўцы лічаць сваю вёску міністэрскай. Апроч Ананіч, у высокую ўладу прабіўся яшчэ адзін іх зямляк. Іван Шчэрба, які да нядаўняга часу ўзначальваў Міністэрства транспарту, нарадзіўся ў Паднеўцы. Гэта напаўзакінутая вёска менш чым за кіламетр ад Леванова.

Як звольнілі Шчэрбу, так ён і прапаў, скардзяцца вяскоўцы. Толькі з інтэрнэту яны даведаліся, што былы міністр нібыта ўладкаваўся ў «Амкадор» мільянера Шакуціна, які любіць падбіраць адстаўнікоў.

Бацькі-­настаўнікі

Гонар Леванова — былы дырэктар школы Станіслаў Іосіфавіч Яцэвіч, бацька Ліліі Ананіч.

Ён з’явіўся ў вёсцы пасля вайны. «Аднекуль, мусіць, быў з Заходняй Беларусі, ён жа каталік», — узгадваюць суседзі. У Леванове Станіслаў пачаў адбудоўваць школу. «Ой, як цяжка яму было, ён жа паранены быў!» — кажуць вяскоўцы.

Яцэвіч стаў дырэктарам леваноўскай «васьмігодкі», выкладаў гісторыю і геаграфію. Жонка, Вольга Гаўрылаўна, працавала разам з ім, вучыла дзяцей беларускай мове і літаратуры, а яшчэ і нямецкай мове. Яна, дарэчы, нарадзілася ў суседняй вёсцы.

«У яго заўсёды была дысцыпліна. Вось таму ў нас у вёсцы і шмат лю­дзей з вышэйшай адукацыяй — і міністры, і кандыдаты навук. Гэта залежыць ад дысцыпліны. Мы ўвечары баяліся нават у клуб схадзіць. Хацелася на танцы, але дзяжурыў патруль з настаўнікаў, і яны маглі нас выклікаць да Станіслава Іосіфавіча на дыван», — расказвае Марыя Несцяровіч.

Вялікая сям’я

Пакуль Яцэвічы будавалі сваю хату, жылі ў школе. Там і нарадзілася будучая міністарка.

«Яны хоць і настаўнікі, але жылі як вясковыя людзі. Садзілі агарод, трымалі кароў», — кажа суседка. А ў сям’і тым часам падрастала чацвёра дзяцей.

Старэйшая Ала, як стала дарослая, працавала ў барысаўскай паліклініцы. Малодшая Ірына — бухгалтарка на мясакамбінаце. А між імі былі яшчэ Уладзімір і Лілія.

У сваім класе Лілія была старастай. А вучылася на адныя пяцёркі, расказвае далёкая сваячка Зінаіда.

Ці размаўлялі ў хаце Яцэвічаў па­-беларуску? «А як жа іначай? — не разумеюць суседзі. — Тым больш калі ў цябе мама беларускую мову выкладае. Ліля і цяпер, як прыязджае на сустрэчу вяскоўцаў, па-­беларуску прамаўляе».

Разарванае каханне

Суседка Галіна ўзгадвае першае каханне высокай чыноўніцы. Славік цяпер трымае краму ў Барысаве. «Днямі з ім сустрэлася, дык ён распытваў, як там Ліля», — расказвае яна. Падлеткавыя пачуцці развеяліся праз ад’езд дзяўчыны.

У Леванове Лілія вучылася толькі да сёмага класа, а сканчвала школу на Драгічыншчыне. Туды перавялі бацьку. Чаму, здавалася б? Іншая ж вобласць.

Яцэвічы вярнуліся ў Леванова на пенсію, калі дачка ўжо паступіла на факультэт журналістыкі БДУ.

Гучнае вяселле

Вяселле цяперашняй міністаркі, а тады яшчэ студэнткі, нават праз 30 гадоў памятае ўся вёска. На свята з’ехаліся дзясяткі гасцей.

Але перадусім запомніўся прыезд сябровак нявесты. «Гэта адзіны раз у гісторыі, калі нехта чарнаскуры сюды прыехаў!» — смяюцца суседзі. Экзатычную госцю з Марока яны не могуць забыць дагэтуль.

Вяселле гулялі зімой, дык адна з гасцей, грачанка, сядзела ўвесь дзень каля печкі, каб сагрэцца.

Жаніх — выдатнік Пятро Ананіч — вучыўся на фізіка-­матэматычным факультэце. Нават абараніў кандыдацкую дысертацыю, кажуць. Але ў 1990-­я сышоў у бізнэс.

Пятро Ананіч.

Не на шляху камунізму

У 1983­-м Лілія (цяпер ужо Ананіч) паспяхова скончыла журфак БДУ і размеркавалася ў газету «Шлях камунізму». Сярод усіх магчымых «раёнак» гэта быў найлепшы варыянт.

«Шлях камунізму» быў газетай Мінскага раёна, але яго рэдакцыя знаходзілася ў цэнтры сталіцы. Што ўяўляла з сабой выданне? Чатыры старонкі палітінфармацыі і навінаў з палёў. Напрыклад, у пачатку 1984­-га газета два нумары запар друкавала спісы сяброў выбарчых камісій. Апроч гэтай «карыснай» інфармацыі, у тых выпусках газеты не было зусім нічога.

Паводле афіцыйнай біяграфіі, Ананіч адпрацавала ў «Шляху камунізму» два гады, прычым фотакарэспандэнтам. Як выглядала савецкае жыццё ў аб’ектыве яе фотаапарата?

Дзіўны факт: мы не знайшлі ніводнага фотаздымка за яе подпісам за два гады працы. Гэтым іменем не падпісаны і ніводзін з журналісцкіх тэкстаў.

Дык ці была яна ўвогуле ў «Шляху камунізму»?

Шлях да міністра

Год нараджэння старэйшай дачкі міністаркі дае падставы меркаваць, што час размеркавання Лілія Ананіч правяла ў дэкрэце.

У газету яна больш не вярнулася. У 1984­-м Ананіч уладкавалася рэдактарам у Навукова­-даследчы інстытут сродкаў аўтаматызацыі (сакрэтнае прадпрыемства, цяперашні «Агат»), дзе сустрэла развал СССР і абвяшчэнне незалежнасці.

Адзін з яе калегаў па НДІ пакінуў каментар на сайце «Нашай Нівы», у якім узгадаў прыязнае стаўленне Ананіч да актыўных носьбітаў беларускай мовы. У радыёчасопісе прадпрыемства, які яна вяла, часцяком расказвалася пра гісторыю адраджэння беларускай мовы і пра важнасць нацыянальнай культуры для беларусаў.

У 1992-­м Ананіч стала чыноўніцай нядаўна створанага Міністэрства інфармацыі, дзе і засталася дагэтуль. Хоць яе працоўная кніжка напоўненая разнастайнымі запісамі, прычына гэтаму — бюракратычныя пераўтварэнні. Міністэрства інфармацыі праз нейкі час аб’ядналася ў адну структуру з Міністэрствам культуры, затым ператварылася ў Дзяржаўны камітэт па друку, а пасля зноў стала Міністэрствам інфармацыі. Стабільным заставаўся толькі кар’ерны рост Ліліі Ананіч.

Вяскоўцы званілі зямлячцы­-чыноўніцы з віншаваннямі. «Дык яна сказала, што не хацела ісці ў міністры, бо ўжо хутка на пенсію», — расказвае сваячка Зінаіда.

«А ў нас з ёй угавор быў: стане міністрам — забярэ мяне ў Мінск!» — смеючыся, дадае суседка Галіна.

Злыя языкі ў інтэрнэце звязваюць узлёт Ананіч да міністэрскай пасады з сумеснай працай у «Агаце» з Віктарам Лукашэнкам. Гэта лухта: сын кіраўніка дзяржавы працаваў у гэтай кампаніі праз дзесяць гадоў пасля яе сыходу.

Зруйнаваная вёска

…У 1990—2000-­я Леванова вымірала, моладзі станавілася ўсё менш. Ахвярай аптымізацыі стала школа. «Як яе грамілі, як руйнавалі, як вяскоўцы цэглу расцягвалі… У Станіслава Іосіфавіча асадак на душы застаўся — усё ж сваімі рукамі будаваў. Укарацілі яму жыццё», — наракае бібліятэкарка. Школа стаяла якраз праз дарогу ад хаты Яцэвічаў.

Бацька памёр у канцы 2000­-х. Вяскоўцы называюць яго смерць лёгкай. Пасля працы па хаце стомлены Станіслаў Іосіфавіч прысеў на верандзе, а калі праз хвіліну малодшая дачка падышла да яго, ён ужо быў нежывым. Неўзабаве сышла і Вольга Гаўрылаўна.

Цяпер у хату на выходныя прыязджаюць дзеці і ўнукі з Барысава, часам са сталіцы завітваюць і Ананічы.

«Яны па­-вясковаму жывуць. Лілія Станіславаўна кажа: мы маглі б там усё перарабіць, але вёска ёсць вёска. Гэта наш родны куток, адкуль мы выйшлі», — кажа Марыя Несцяровіч.

Дзеці-­выдатнікі

У Ананічаў двое дзяцей. Старэйшая дачка Вольга, скончыўшы ліцэй БДУ, пайшла дарогай маці. Яна паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. Як расказвала сама Ананіч, пасля другога курса дачку­выдатніцу адправілі па абмене на вучобу ў Маскву.

Лілія Ананіч з дачкой.

У Расіі Вольга давучылася на журфаку МГУ і скончыла яго з чырвоным дыпломам. «На паўгода з’язджала ў Канаду практыкавацца ў англійскай мове і кулінарыі (на жыццё давялося зарабляць у піцэрыі), — прызнавалася яна. — Але эмігранта з мяне не выйшла». У выніку Вольга засталася ў Маскве, яна працуе ў дзелавым часопісе РБК.

У Расіі дзяўчына знайшла мужа. У сям’і гадуюцца сын Цімур і маленькая дачка Агата.

Міністарка з мужам і ўнукамі.

А вось малодшы сын міністаркі Андрэй пакуль нежанаты. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у мінскай беларускамоўнай гімназіі і ліцэі БДУ, а пасля адвучыўся на эканамічным факультэце БДУ на менеджара. Па словах сяброў, цяпер Андрэй уладкаваўся ў «Трайпл».

* * *

Лілія Ананіч нарадзілася ў 1960-­м у вёсцы Леванова Барысаўскага раёна. У 1982­-м скончыла факультэт журналістыкі БДУ, у 2000-­м — Акадэмію кіравання.

У 1984—1992 працавала рэдактарам, пасля старэйшым рэдактарам вайсковага НДІ сродкаў аўтаматызацыі ў Мінску.

З 1992 — у сістэме Міністэрства інфармацыі.

Замужам, мае дваіх дзяцей. Дачка выйшла замуж у Маскву, сын працуе ў Мінску.

* * *

Сын Ліліі Ананіч ажаніўся з журналісткай «Советской Белоруссіі» ФОТЫ

Мікола Міцкевіч, Леванова — Мінск

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура