Беларуска з трансплантаванымі печанню і ныркай нарадзіла другое дзіця

22.05.2019 / 16:38

Беларуска з трансплантаванымі печанню і ныркай нарадзіла другое дзіця, паведаміў журналістам дырэктар Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо, піша БелТА.

У практыцы беларускіх медыкаў ёсць унікальны выпадак: жанчына пасля трансплантацыі печані і ныркі ў другі раз стала мамай. Па словах Алега Румо, гэта адзіны ў свеце выпадак, калі пасля такой складанай аперацыі пацыентка змагла нарадзіць двух цалкам здаровых дзетак.

Аперацыя была праведзена чатыры гады таму — 1 красавіка 2015 года. Сёння першаму дзіцяці — хлопчыку — 2,5 года. Нядаўна нарадзілася дачка — ёй хутка 4 месяцы. Сама ж яна адчувае сябе абсалютна здаровай і жыве паўнавартасным жыццём. З развіццём транспланталогіі ў Беларусі цяжарнасць паспяхова завяршылася нараджэннем дзіцяці ў 41 жанчыны, якая раней перанесла трансплантацыю ныркі, і ў пяці жанчын, якім перасадзілі печань.