Губернатар Алабамы падпісала закон аб забароне абортаў

16.05.2019 / 14:50

Губернатар амерыканскага штата Алабама Кей Айві падпісала закон, які забараняе аборты ў большасці выпадкаў, паведамляецца ў твітары кіраўніка рэгіёна.

У штаце дазволілі праводзіць аборты толькі калі цяжарнасць сур'ёзна пагражае здароўю маці ці ў ненароджанага дзіцяці выявілі анамалію ў развiццi, не сумяшчальную з жыццём, паведамляе CNN. Заканадаўцы спрабавалі дамагчыся, каб аборты дазволілі ахвярам згвалтаванняў і інцэсту, але гэтую прапанову не падтрымалі.

Губернатар-рэспубліканец Кей Айві паведаміла, што закон аб абортах можа быць прызнаны юрыдычна несапраўдным, паколькі ў ЗША дзейнічае рашэнне Вярхоўнага суда 1973 года, якое дазваляе аборты ва ўсіх штатах. Кей Айві падкрэсліла, што закон прынялі, каб аспрэчыць рашэнне суда.