На паркоўцы ў Мінску з’явіліся «месцы для цяжарных», але ніякай юрыдычнай сілы гэта не мае
На паркоўцы ля аднаго з гандлёвых цэнтраў сталіцы з’явіліся спецыяльныя таблічкі, якія ўказваюць на месцы для цяжарных, — піша «СБ».
24.04.2019 / 13:06
З такой ініцыятывай выступілі ў крэатыўным агенцтве «Малако».
Там распрацавалі адмысловы знак-указальнік з выявай цяжарнай жанчыны.
У агенцтве перакананыя, што для цяжарных жанчын павінны быць прадугледжаныя лепшыя умовы для паркоўкі, бліжэй да ўваходу ў будынак.
У будучыні, лічаць у агенцтве, такія знакі могуць з'явіцца на паркоўках ля розных сацыяльных аб'ектаў: паліклінік, жаночых кансультацый, бальніц, школ, аптэк.
У ДАІ ж да такой ініцыятывы паставіліся спакойна.
Начальнік аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі УДАІ МУС Дзмітрый Навой растлумачыў, што гэта грамадская ініцыятыва, і ніякай юрыдычнай сілы не мае.
Іншымі словамі, калі вы зоймеце месца для цяжарных на паркоўцы, вас ніхто штрафаваць не будзе. Бо такога артыкула, у адрозненне ад паркоўкі на месцах для інвалідаў, у беларускім заканадаўстве няма.