Што мы слухалі ў сакавіку: дзясятка найбольш значных музычных альбомаў месяца
паслухайце проста тут
Вясна прыйшла і з сабой прынесла шмат цікавых рэлізаў, некаторыя з якіх гарантавана будуць несці за сабой ганаровае званне «Альбома года».
01.04.2019 / 15:47
Пра кожную з дзясяткі навінак — больш падрабязна ў нашым традыцыйным аглядзе.
In Flames — I, the Mask
Шведскія металісты, у адрозненне ад мноства сваіх калег, не эксперыментуюць з электроннай музыкай і не запрашаюць для дуэтаў рэп-выканаўцаў. Гэта ўсё той жа вытрыманы якасны цяжкі гук, які застаецца візітоўкай гурта вось ужо амаль 30 год.
Дарэчы, у канцы красавіка In Flames прэзентуюць новы альбом і ў Мінску. Квіткі можна набыць на нашай афішы.
Hozier — Wasteland, Baby!
Ірландскі музыка ўраганам уварваўся ў музычныя чарты ў 2014 годзе са сваім дэбютным альбомам і трэкам Take Me To Church.
І вось, праз доўгі час Эдвард Хоўзіер вярнуўся, каб зноў заваяваць сэрцы слухачоў. У роднай Ірландыі і ЗША гэта паспяхова адбылося — альбом заняў першы радок чартаў.
Gesaffelstein — Hyperion
Французскі электроншчык прэзентаваў у сакавіку свой другі альбом, гучанне якога набліжана да класічнай французскай поп-музыкі з мноствам цікавым калабарацый (ад Weeknd да Фарэла Уільямса) і ноткамі амерыканскага попу з трып-хопам.
Children of Bodom — Hexed
Пасля шведаў з In Flames чарговым поўнафарматнікам сваіх прыхільнікаў парадавалі фінскія металісты з Chilrdren of Bodom. Цяпер у аматараў цяжкай музыкі адбываюцца жорсткія інтэрнэт-бойкі — хто лепшы і хто горшы, хто сапсаваўся і хто застаўся сабою.
Паслухайце абодва альбомы і зрабіце высновы самі.
Foals — Everything Not Saved Will Be Lost, Part 1
Давайце паспрачаемся аб тым, што напрыканцы 2019-га ў большасці аглядаў з найлепшымі альбомамі года будзе і пяты альбом брытанскіх рокераў.
Варта адзначыць, што гэта толькі першая частка. Другая, відаць, канчаткова адправіць у накаўт усіх музычных крытыкаў.
Mustelide — Ginseng Woman
Канцэпцыя трэцяга альбома беларускі Наташы Куніцкай — аповед пра сакральныя жаночныя здольнасці. Жанчына-Жэньшэнь валодае асаблівай сілай, якая аб'ядноўвае паганства і хайтэк, непрыдатнае і запатрабаванае, нязвыклае і роднае.
Таксама варта адзначыць, што альбом быў запісаны з выкарыстаннем зламаных інструментаў. Паслухайце, якія гукі змаглі з іх выцягнуць прафесійныя музыкі.
Ludovico Einaudi — Seven Days Walking
Гэта першая частка канцэптуальнага альбома «Seven Days Walking» легендарнага італьянскага кампазітара і піяніста Людовіка Эйнаўдзі.
Паўнавартасны бокс-сэт выйдзе да восені — кампазітар плануе выпускаць па адной частцы штомесяц.
Kakkmaddafakka — Diplomacy
Восьгэтаявосьдоўгаяназва — гэта шасцёра маладых нарвежскіх інды-рокераў, у якіх у сакавіку выйшаў новы альбом.
Яны кажуць, што Diplomacy — найбольш шчырая іх праца. Няма падстаў ім не давяраць.
UNKLE — The Road: Part II / Lost Highway
Змрочны працяг музычнай трылогіі, першая частка якой пабачыла свет два гады таму.
Спіс запрошаных музыкаў варты асобнай увагі: Марк Ланеган, Том Сміт з Editors, Мік Джонс з The Clash, Дхані Харысан (сын Джорджа Харысана), удава Стэнлі Кубрыка і многія іншыя.
Billie Eilish — WHEN WE ALL FALL ASLEEP, WHERE DO WE GO?
Амерыканскай спявачцы ўсяго 17, але ўжо па версіі Apple яна — самая папулярная выканаўца. І гэта толькі пачатак творчага шляху, дэбютны альбом на якім — толькі першы грунтоўны чэкпойнт.
А што слухалі вы ў сакавіку? Пішыце ў каментарах!