Паглядзіце, якую шыкоўную калекцыю нацыянальных строяў пашылі вучаніцы 50-й мінскай гімназіі ФОТАФАКТ
Пад кіраўніцтвам класнай і настаўніцы працоўнага навучання 8-класніцы з 50-й сталічнай гімназіі пашылі цэлую калекцыю сукенак, натхнёныя нацыянальным арнаментам і сімволікай.
22.02.2019 / 13:39
У гімназіі бягучы тыдзень быў цалкам прысвечаны беларускай мове і культуры. Сёння на ўсіх перапынках у калідорах гучалі беларускія вершы і песні, а падчас аднаго з іх дзяўчаты з 8 «А» і 8 «Б» прадэфіліравалі ў сукенках з беларускай сімволікай, пашытых сваімі рукамі на працоўных занятках.
Па словах сведак, мадэляў сустракалі бурнымі авацыямі, а самі дзяўчаты цяпер не хочуць здымаць з сябе абноўкі.
Курыравалі ўвесь гэты працэс класная кіраўніца Ірына Мельнікава і настаўніца працы Алена Палашкевіч. Апошняя і навучыла дзяўчат усім сакрэтам шыцця і вышыўкі.
«Для мяне, як і для вучаніц, задача пашыць нацыянальную сукенку была пастаўленая ўпершыню. У 6-м класе мы са школьніцамі вышываем сурвэткі, але не больш за тое. За натхненне мы ўзялі беларускія арнаменты з розным сэнсам — маці, сонейка, вясна (само сабой, пра кожны з іх на занятках распавядалі дзяўчатам, каб прыстунічаў і адукацыйны момант). Мэтай было не страціць традыцыйны сэнс, але пры гэтым зрабіць сучасны крой, такія мадэлі, якія падабаюцца сённяшняй моладзі», — распавядае Алена Пятроўна.
У распараджэнні ў школьніц было ўсяго тры тыдні: прыходзілася збірацца і ўвечары, і зранку, каб усё паспець. Добрай прадзюсаркай у гэтых умовах стала класная кіраўніца 8 «А», пры дапамозе якой вырашаліся пытанні з графікам, зборам грошай і набыццём тканіны бацькамі.
Працэс быў такі захапляльны, што нават некаторыя хлопцы захацелі таксама навучыцца шыць нешта падобнае, пастаянна заляталі ў клас, дзе ішоў творчы працэс над машынкамі.
Спачатку тканіна абкідвалася ўручную, потым — усё адшывалася на машынцы. Для аздаблення выкарыстоўвалі тасьму і буйныя шарсцяныя ніткі.
«Я сама не чакала, што гэтае заданне выкліча ў дзяўчат такі імпэт. Было бачна, як гарэлі іх вочы. Тыя, хто сёння гладзеў на вынік, казалі, што мы прынеслі ў школу сапраўдны беларускі дух, хадзілі шчаслівыя і з добрым настроем — аказваецца, для гэтага трэба няшмат», — падзялілася з «НН» Алена Палашкевіч.
На жаль, пакінуць сабе гэтую прыгажосць школьніцы не змогуць: па сукенкі ўжо выстраілася чарга з тых, хто жадае выкарыстаць іх на канцэртах і іншых мерапрыемствах. Але цяпер яны могуць пашыць сабе такіх колькі заўгодна. У сярэднім кошт пытання адной сукенкі — каля 100 рублёў.