19-гадовая дзяўчына адкрыла школу танцаў, каб дапамагчы бацьку-міліцыянеру, якога пакалечыў злачынца — рэпартаж НН

У 1995 годзе на 22-гадовага міліцыянера з Віцебска, лейтэнанта Сяргея Салаўёва, у яго ж машыне з нажом накінуўся мужчына, якога ён вырашыў падвезці. Нож увайшоў паміж двух пазванкоў, закрануўшы спінны мозг. Гэты дзень цалкам змяніў яго жыццё… 

11.02.2019 / 10:43

Сяргей Салаўёў.

«Дактары сказалі, што хадзіць больш не зможа»

45-гадовы мужчына з кійком у руках гасцінна адчыняе дзверы сваіх «жыгулёў» і прапануе правесці міні-экскурсію па родным горадзе.

«Жыгулі» для сям’і — карміліца. За год Сяргей наязджае на аўто 40—50 тысяч кіламетраў. На ім яны ездзяць і ў Расію па працы, і ў вандроўкі разам з дзецьмі. Карэлія, Белае мора, лясы і азёры, каля якіх яны ночылі… «Жыгулі» за свае 10 гадоў з невялікім пабачылі многае.

«Я ў Віцебску нарадзіўся, вельмі люблю гэты горад. Там вунь у нас дэпо і помнік трамваю. Каля амфітэатра клён, дуб і бяроза — не ўсе ведаюць, а я нават памятаю, як іх саджалі. Яны сімвалізуюць Украіну, Беларусь і Расію. А там вось Алея зорак з імёнамі Алы Пугачовай, Сафіі Ратару і іншых артыстаў, якую падчас «Славянскага базару» адкрылі».

Гэта і ёсць Сяргей Салаўёў. Сёння ён пенсіянер, мае 2-ю групу інваліднасці і пенсію 400 рублёў. На выходных разам з жонкай Святланай ездзіць кантраляваць бізнэс па рамонце тэлефонаў і камп’ютараў у Смаленскую вобласць (ён дастаўся жонцы ў спадчыну ад бацькі). А ў дзяцінстве, кажа, марыў стаць лётчыкам.

«У савецкія часы многія дзеці хацелі стаць ці лётчыкамі, ці касманаўтамі. І я не быў выключэннем: марыў быць падобным да Чкалава. Паступіў у Выбаргскую авіяцыйную вучэльню, выпусціўся авіяцыйным тэхнікам. Аднак папрацаваць па спецыяльнасці так і не давялося: у 1990-я разваліўся СССР, усё змянілася і працаваць мне не было дзе», — згадвае мужчына.

Сяргей вярнуўся ў родны Віцебск. Тут яму прапанавалі прыйсці на службу ў міліцыю. Гэта прафесія для яго сям’і, можна сказаць, спадчынная. У міліцыі працавалі не толькі яго дзядуля і бабуля, але і маці з бацькам, і нават айчым.

«На той момант мне было 22 гады. Я працаваў у міліцыі трэці год, меў званне лейтэнанта. Неяк падчас службы падабраў па дарозе аднаго мужчыну. Наступствамі маёй дабрыні стала тое, што ён накінуўся на мяне з задняга сядзення: усадзіў нож у спіну».

Злачынцу пасадзілі на 8 гадоў. Сяргей амаль нерухома праляжаў паўгода: крыху варушыліся толькі галава і рукі. Выцягваць сына дапамагала маці Людміла Леанідаўна. Дактары не верылі ў тое, што Сяргей зноў зможа хадзіць. Нават пасля некалькіх аперацый усё яшчэ паралізаваным у яго заставаўся левы бок. Аднак ён паставіў сабе мэту зноў стаць на ногі і дасягнуў яе. Спачатку перасоўваўся з дзвюма палачкамі, а праз нейкі час пайшоў і самастойна. Кульгаючы, але сам.

«Я згадаў, што ў школе добра плаваў і зноў вярнуўся да гэтага віду спорту. Праз два гады пасля траўмы ўжо быў у беларускай зборнай па плаванні сярод людзей з інваліднасцю. Стабільна займаў першыя месцы», — сядзець на месцы мужчына дакладна не збіраўся.

Пра 1990-я і выжыванне

Сяргей з здавальненнем вярнуўся б у міліцыю (сваю працу ён згадвае з цяплом і па сёння): «У пачатку 1990-х мы сапраўды стараліся быць вернымі выключна свайму народу: тады ў краіне квітнеў бандытызм, у корчмах засядалі аўтарытэты з залатымі ланцугамі, у Віцебску штодзень кагосьці забівалі. Трэба было наводзіць парадак. Так і сёння, хто б як не ставіўся да міліцыі, як нешта здарыцца — мы звяртаемся па дапамогу менавіта да іх. І дапамагаюць жа!»

На жаль, траўма не дазваляла Сяргею вярнуцца да былой службы. Трэба было будаваць прафесійнае жыццё наноў. Як і многія ў тыя часы, мужчына заняўся прадпрымальніцтвам. Гандляваў малочнымі прадуктамі, хлебам. Большасць тавараў вазіў на ўласнай капейцы на рынак у Смаленскую вобласць.

Акурат там, у гарадку Веліж, ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.

Вяселле Святланы і Сяргея.

«У 1996-м годзе я вучылася на настаўніцу нямецкай мовы ў Смаленску, — згадвае Святлана. — Захварэла і прыехала да бацькоў у Вяліж. Неяк прыйшла на рынак па прадукты, а там — Сяргей. І ведаеце — паміж намі нібыта нейкая хімія адбылася. Я нават не заўважала, што ён кульгае. Калі мне праз два тыдні знаёмыя сказалі, маўляў, «добры хлопец, канечне, але ж інвалід», у мяне быў шок. Мне гэта аніяк не замінала: Сяргей быў неверагодным добрым чалавекам».

Ужо праз год пасля знаёмства, як толькі Святлана атрымала дыплом, яны ажаніліся і пераехалі ў Беларусь. І па сёння называюць адно аднаго па тэлефоне «зайчыкамі». У Салаўёвых двое дзяцей: старэйшая Марыя і Іван.

Сям'я ў зборы.

Усе разам мы сустракаемся ў танцавальнай школе «Паўночная сталіца», што ў цэнтры Віцебска: гэта месца з нядаўніх часоў стала для сям’і яшчэ адным домам.

«Чакала 18-годдзя, каб адкрыць ІП і дапамагаць бацькам»

«Цягніце насок! Мы з вамі танчым целам, а не языком!» — чуецца на другім паверсе старога будынка на Кастрычніцкім праездзе, 2. 

Гэтыя строгія заўвагі — ад 19-гадовай Марыі Салаўёвай, дачкі Сяргея і Святланы.

Марыя з выхаванцамі. На галовах дзетак ляжаць паперкі, якія дапамагаюць кантраляваць правільнасць паставы.

Марыя з дзяцінства любіла танчыць. Па яе жаданні бацькі яшчэ ў 3,5 года аддалі яе ў танцавальны клуб «Дынама» — адзін з самых моцных і прагрэсіўных на той момант у Віцебску. На базе клуба пастаянна праходзілі міжнародныя турніры, з майстар-класамі туды прыязджалі чэмпіёны свету. Усё спынілася, калі найлепшыя трэнеры (Павел Пікалькоў, Алена Андрэева і іншыя) з’ехалі на працу ў Маскву.

Паралельна дзяўчына наведвала і музычную школу, спявала ў хоры, займалася конным спортам, плаваннем, малявала, але цікаўнасць да танцаў у выніку пераважыла: на трэніроўках яна гатовая была заставацца да ночы, прымушаючы маці і тату, якія гадзінамі чакалі яе ў машыне, хвалявацца.

У 11 гадоў ёй самой далі пад крыло некалькіх маленькіх дзетак, з якімі яна пачала працаваць у якасці трэнеркі — у бальных танцах такі давер лічыцца вельмі высокім паказчыкам.

Вядома, што і на спаборніцтвах, у Беларусі і за мяжой, дзяўчына стабільна займала высокія месцы. Але калі паўстала пытанне абраць сабе ВНУ, Марыя разам з бацькамі вырашыла, што будзе паступаць у Віцебск на філолага, «каб за плячыма была нейкая прафесія «ў запас»».

Ніхто і не падазраваў, што танцы яшчэ глыбей пранікнуць у яе жыццё.

«Як толькі мне споўнілася 18 гадоў і я, нарэшце, магла працаваць афіцыйна, стала думаць, што можна зрабіць, каб менш залежаць ад бацькоў у фінансавым плане. Знаёмыя даўно падказвалі: «Маша, адкрый сваю школу танцаў!» Я прыслухалася і амаль адразу, як адсвяткавала паўналецце, зарэгістравала ІП».

Спачатку было вельмі складана: не ўсе бацькі рашаліся даверыць сваіх дзяцей такой маладой трэнерцы, хай і з цэлым спісам дасягненняў і ўзнагарод.

Малыя то прыходзілі, то сыходзілі, але дастатковай для існавання школы колькасці людзей у групу не набіралася.

Малодшая група на занятках у школе Марыі.

Паступова, калі падапечныя Марыі сталі дэманстраваць першыя вынікі, слава пра яе разляцелася па горадзе. Як педагог яна пакрысе набірала аўтарытэт.

Другі год на танцы да сястры ходзіць і яе малодшы брат Ваня (справа), якому гэта таксама вельмі падабаецца.

Не здацца і працягваць працаваць яшчэ больш інтэнсіўна дзяўчыну прымусілі сямейныя абставіны.

«Мы з маці заўважалі, што з кожным годам тата хадзіў усё горш. Каб падлячыцца, ён штогод ездзіў у санаторыі. Аднак у апошнія паўгода сітуацыя стала крытычнай: бацька стаў хадзіць яшчэ менш, пастаянна жыў на абязбольвальных. Праз тое, што асноўная нагрузка ў яго ішла на адзін бок, сустаў проста не вытрымаў. Каб ён зноў зусім не знерухомеў, трэба было тэрмінова класціся на аперацыю і ставіць пратэз. Калі рабіць гэта бясплатна, па чарзе прыйшлося б чакаць вельмі доўга. Таму калі летам у абласной лякарні бацьку прапанавалі платную альтэрнатыву, мы адразу пагадзіліся. Праўда, грошы трэба было аддаць хутка: 50 мільёнаў (сённяшнія 5 тысяч) мы, можна сказаць, за пару дзён сабралі ўсёй грамадой», — згадвае Марыя. (У сям’і па звычцы ўсё яшчэ лічаць беларускія грошы мільёнамі — заўв. Рэд.)

Частку грошай Салаўёвы ўзялі з уласных зберажэнняў, каля 350 рублёў Марыі праз інтэрнэт дапамог сабраць БРСМ, астатняе — занялі ў сяброў. Каб хутка вярнуць усе пазыкі, дзяўчына да ночы працавала ва ўласнай школе і дадаткова ўладкавалася выкладаць танцы ў дзіцячы садок. Дапамагала з такой вялікай плынню дзяцей дачцэ і маці.

«Канечне, у гэты крызісны час нешта прыносіў і бізнэс у Расіі, але калі ўсё разам працуе на адну мэту — вырашыць праблему атрымліваецца хутчэй. Каб тата зноў хадзіў і добра сябе адчуваў — гэта было самае галоўнае».

На фота: Марыя на ўласных выступах і на майстар-класах, спаборніцтвах з дзеткамі. На жаль, калі становішся трэнерам, выступаць самастойна не маеш права. Дзяўчына чакае 20-годдзя, каб узяцца за судзейства: для гэтага яна датэрмінова здала ўсе неабходныя экзамены.

Сёння ў школе Марыі займаецца каля трыццаці дзетак. Разлічаная студыя на дзяцей ад 3 да 18 год. Самыя маленькія займаюцца харэаграфіяй і рытмікай, іх вучаць правільна слухаць музыку, трымаць постаць, іх расцягваюць, робяць цела пластычным. А потым ужо пачынаюцца бальныя танцы. Для пачаткоўцаў групавыя заняткі каштуюць усяго 25 рублёў на месяц, але калі займацца бальнымі танцамі ўсур'ёз — гэта даволі дарагі занятак.

Адны камяні Swarovski для сукенкі могуць абысціся ў некалькі соцень еўра. І гэта не кажучы пра спецыяльныя сродкі, якімі танцоры мажуць цела, каб яно выглядала загарэлым і блішчэла на выступах.

Фота news.vitebsk. На конкурсы прыгажосці, у тым ліку на «Каралеву Вясну» Марыя ніколі не збіралася — папрасілі ў дэканаце. У выніку яна перамагла на абласным этапе і дайшла да міжнароднага, дзе стала першай віцэ-каралевай.

Яшчэ адзін артыкул расходаў у танцах — дадатковыя індывідуальныя заняткі. Для танцораў, якія мараць дасягнуць поспехаў, — гэта абавязковая рэч: толькі так можна патлумачыць кожнаму, як правільна апускаць плечы, як кіраваць лапаткамі і сцёгнамі. Кожнае цела патрабуе асаблівай увагі. Навучэнцы Багдан і Даша бяруць 6 урокаў на тыдзень. Як вынік — першыя месцы на спаборніцтвах у іх узроставай катэгорыі.

На занятках бачна, як Марыя і яе маці любяць дзяцей: усё ж — настаўніцы. У іх па жаночай лініі ўсе чаму-небудзь вучылі дзяцей. Святлана спачатку перажывала, што дачка будзе трэнеркай: увесь час «на чамаданах». Але цяпер, убачыўшы, як ёй гэта падабаецца, супакоілася.

Візуалам прыходзіцца тлумачыць новыя элементы пісьмова.

«Калі я сканчвала школу, мела атэстат 97 балаў. ЦТ здала на 335. Магла паступаць у Мінск, але ўсё ж у Віцебску мой дом. Тут мяне ведалі як танцорку, тут я магу перадаць свае веды сапраўды родным людзям.

З’язджаць з Беларусі таксама не планую — я люблю нашу краіну: мне тут падабаецца, камфортна. Адпрацую ў школе размеркаванне — і далей буду працягваць вучыць дзяцей танцам», — дзеліцца сваімі планамі прадпрымальніца.

Разам з такой сямейнай падтрымкай у яе ўсё павінна атрымацца.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай