Проста растае ў роце! Пірог-суфле з квяцістай капусты РЭЦЭПТ
Адным з самых недаацэненых прадстаўнікоў гародніны я лічу квяцістую капусту. З яе можна прыгатаваць безліч страў — ад супоў да заедак, ужываць сырой і згатаванай, як аснову для салатаў і піцы — шмат рэцэптаў, якімі мы, на жаль, вельмі рэдка карыстаемся.
19.01.2019 / 12:52
Таму сёння я прапаную вам рэцэпт стравы, якая дакладна спадабаецца ўсім, бо тут смак капусты вельмі добра адцяняецца сырным соусам і яйкамі. І, на маю думку, гэты пірог-суфле добра падыдзе як на сняданак ці абед, так і да стала з гасцямі. Смачна есці!
Нам спатрэбіцца:
- галоўка квяцістай капусты;
- некалькі галінак шалфею;
- 80 гр. масла;
- 1 чырвоная цыбуліна;
- 80 гр. мукі;
- 800 мл малака;
- 60 гр. сыру;
- 1 ч. л. дыжонскай гарчыцы;
- 5 яек;
- 50 гр. кедравых арэшкаў;
- соль, перац;
- папрыка;
- алей.
Награваем духоўку да 180 градусаў. Капусту дзелім нам суквецці і ўкладаем у змазаную алеем форму. Дадаём яшчэ 2—3 лыжкі алею, пасыпаем соллю і перцам, дадаём шалфей, перамешваем і гатуем у духоўцы прыкладна 40—50 хвілін. Калі зверху капуста пачне прыгараць, можна накрыць фальгой.
Тым часам гатуем соус. Цыбулю дробна наразаем, масла топім у сатэйніку. Цыбулю смажым у масле да мяккасці і празрыстасці. Пасыпаем мукой і вельмі хутка перамешваем. Пачынаем патроху дадаваць малако (лепей яго падагрэць, так соус атрымаецца больш аднародным), пастаянна памешваем. Калі мы дадалі ўсё малако, не спыняемся перамешваць — варым да гушчыні. Здымаем з агню. Дадаём цёрты сыр, гарчыцу, соль і перац. Яйкі ўзбіваем у іншай місцы і тонкім струменьчыкам пачынаем дадаваць да соусу, пастаянна мяшаем.
Дастаём капусту з духоўкі, даём трошкі састыць і наразаем дробнымі кавалачкамі. Змешваем капусту з соусам.
Перакладаем сумесь у форму, змазаную маслам (у мяне было кальцо на 24 см з фальгой замест дна). Запякаем 45—50 хвілін пры 180 градусах. Гатоўнасць можна будзе праверыць зубачысткай.
Пасыпаем арэшкамі, трохі падсмажанымі з папрыкай.