Парламент Ірландыі легалізаваў аборты

Прэм'ер Ірландыі Леа Варадкар назваў легалізацыю абортаў «гістарычным момантам для ірландскіх жанчын». Раней ірландцы прагаласавалі за аборты на рэферэндуме, паведамляе DW

14.12.2018 / 11:20

Парламент Ірландыі прагаласаваў за легалізацыю абортаў. Пра гэта паведаміла агенцтва AFP. Легалізацыя ўступіць у сілу пасля падпісання закона прэзідэнтам краіны Майклам Хігінсам. Цяпер у Ірландыі будуць дазволеныя аборты ў тэрмін да 12 тыдняў цяжарнасці і пазней у выпадку пагрозы жыцця маці або цяжкай паталогіі плода.

Прэм'ер Ірландыі Леа Варадкар назваў легалізацыю абортаў «гістарычным момантам для ірландскіх жанчын». На адпаведным рэферэндуме ў маі 66% ірландцаў выказаліся за аборты.

Да гэтага аборты ў Ірландыі, дзе, як адзначае AFP, каталіцкая царква мае значны ўплыў, былі забароненыя нават у выпадку згвалтавання, інцэсту або смяротнай паталогіі плода. Максімальнае пакаранне за аборт складала да 14 гадоў турмы. Адзначаецца, што з 1980 года да 170 тысяч ірландскіх жанчын зрабілі аборты ў Вялікабрытаніі.