Удзельніца «Танцаў на ТНТ», якая выканала нумар на пілоне ў вышыванцы: Я без гэтай палкі жыць не магу!
За адныя суткі на інстаграм мінчанкі Кацярыны Паграбіцкай падпісалася больш людзей, чым за ўвесь час існавання старонкі.
28.10.2018 / 11:52
Усім хацелася выказаць сваё меркаванне наконт нумара Кацярыны на шоу «Танцы на ТНТ». Дзяўчына выступіла ў беларускай вышыванцы пад песню Паліны Рэспублікі «Як ты».
«Я не чакала, што мой выступ выкліча такую рэакцыю. Вельмі шмат людзей дзякавалі і за выбар песні, і за нумар. Праўда, былі і тыя, хто пісаў, што я абражаю вышыванку тым, што танцую ў ёй «стрыптыз на шасце».
Цяпер Кацярыне Паграбіцкай 23 гады, сем з іх дзяўчына займаецца танцамі на пілоне. Каця прывыкла да неадназначнай рэакцыі на тое, чым яна займаецца, і не звяртае на гэта ўвагі. Тым больш што родныя яе падтрымліваюць.
«Бабуля, калі першы раз трапіла на мой выступ, плакала ад замілавання і таго, як гэта прыгожа. Ідэю з выступам на тэлебачанні падтрымала і яна, і мае бацькі, і мой муж».
Калі ўбачыла, што напісала Паліна Рэспубліка, не магла ўзяць тэлефон у рукі
Выступаць на розных спаборніцтвах для Каці не ў навінку. За плячыма нават выступ за зборную Беларусі па аэробіцы. Пасля былі шматлікія, у тым ліку і міжнародныя, выступы ў танцах на пілоне.
«Пра «Танцы на ТНТ» я марыла даўно. І тут даведалася, што ў нас у Мінску будзе праходзіць кастынг. Я вельмі перажывала, што ў мяне нічога не атрымаецца. Давялося перарабіць нумар, бо цалкам ён займае тры з паловай хвіліны, а для выступу на «ТНТ» яго трэба было скараціць удвая».
Спачатку з’явілася музыка.
«Песню Паліны Рэспублікі прынесла мне неяк мая вучаніца. Я яе паслухала, і ў мяне па скуры пабеглі мурашы. Для мяне гэта песня пра тое, што сваю радзіму мы заўсёды носім у сваім сэрцы. Нумар нарадзіўся сам сабой. А пасля ўжо ўзнікла ідэя дапоўніць вобраз вышыванкай».
Кацярына прызнаецца, што з выступам у вышыванцы былі свае цяжкасці.
«У адзенні на пілоне наогул выступаць нязручна — саслізгваеш. На пілоне зручней за ўсё танцаваць у шортах і топе. Таму для гэтага нумару давялося выбіраць элементы і трукі, якія б прыгожа і эфектна глядзеліся ў вопратцы».
Пасля таго, як выступ паказалі па тэлебачанні, на тэлефон Каці прыйшло апавяшчэнне, што Паліна Рэспубліка пакінула каментар.
«У мяне сэрца затахкала хутка-хутка, але калі я ўбачыла, што яна мяне пахваліла, падзякавала за выбар песні, выдыхнула з палёгкай».
Я без гэтай палкі жыць не магу!
Далей Кацярыну чакае другі этап адбору.
«Каб жа толькі гэта! Я цяпер рыхтуюся да міжнародных спаборніцтваў, дзе хачу паказаць нумар у вышыванцы цалкам. Падрыхтоўка займае вельмі шмат часу, бо я амаль 1,5 года наогул не займалася танцамі».
У гэты перапынак Каця паспела выйсці замуж і адкрыць уласную студыю танцаў.
«Пасля таго, як я завязала з аэробікай, доўгі час не магла прыдумаць, чым мне займацца. Пахадзіла нейкі перыяд на сучасныя танцы. А пасля неяк выпадкова ўбачыла выступ на пілоне. Вырашыла паспрабаваць. І зразумела, што без гэтай палкі я жыць не магу!»
Дэвіз студыі Кацярыны: «Імкніся да вышыні».
«Насамрэч, я проста хацела зрабіць утульнае месца, дзе мае вучаніцы будуць сябе адчуваць як дома. Пасля студый, што як спартовыя залы, у нас тут сапраўды ўтульна».
Займацца на пілоне прыходзяць дзяўчаты і жанчыны ад 16 і амаль да 40 гадоў. Хаця ёсць і дзіцячыя групы: дзяўчынкі ад пяці год прыходзяць на расцяжку.
«Першы занятак вырашальны, ад яго залежыць, ці будзеш ты займацца танцамі на пілоне. Бо гэта балюча. Вельмі. У тых месцах, дзе шост датыкаецца да цела, з’яўляюцца сінякі, драпіны, пацёртасці. Многія не вытрымліваюць. А гэта трэба проста перацярпець. І тады будзеш лётаць вышэй і вышэй».
«Такая як ты — не для мяне»
Так думаў муж Кацярыны, калі ўпершыню пабачыў яе фотаздымкі на пілоне.
Кацярына выйшла замуж за свайго аднакурсніка, з якім вучылася на спецыяльнасці палітолаг-юрыст.
«Перад тым, як запрасіць мяне на кубак кавы, муж зайшоў да мяне на старонку ў сацыяльных сетках і спужаўся… Спужаўся, бо яму падалося, што дзяўчына, якая займаецца танцамі на пілоне, нейкая завоблачная і ніколі не зверне ўвагу на яго. А баяўся дарма. Мне вельмі пашанцавала з мужам, бо, калі я яму кажу, што хацела б паўдзельнічаць у нейкіх спаборніцтвах, муж адказвае: «Чаму ты яшчэ не збіраеш чамадан?»
Кватэра Кацярыны — гэта, бадай, адзінае месца, дзе няма пілона.
«Я праводжу ў студыі па 10-12 гадзін штодзень. І дома я хачу прыйсці, сесці на канапу і не думаць ні пра што».
{POLL#793}