Смачнае спалучэнне: праснакі з цыбуляй і яблыкам

Часам хочацца прыгатаваць штосьці простае і з даступных інгрэдыентаў, але пры гэтым такое, што не спрабаваў дагэтуль. Менавіта ў такі момант я і знайшла рэцэпт праснакоў з цыбуляй.

20.10.2018 / 08:54

Што мяне зацікавіла, дык гэта спалучэнне цыбулі з яблыкам. Прызнаюся, што дагэтуль я вельмі скептычна ставілася да яблыкаў у несалодкіх стравах. Але тут яны дадаюць пэўную сакавітасць і незвычайны прысмак. А ў спалучэнні з макам і размарынам гэтая на першы погляд простая справа стварае цудоўнае ўражанне. Ідэальна ў якасці закускі ці як дадатак да супоў замест хлеба. Смачна есці!

На цеста:

Дрожджы дадаём у цёплую ваду, хай пастаяць хвілін 10. Прасейваем муку ў міску і дадаём усе складнікі на цеста. Вымешваем прыкладна 10—15 хвілін, пакуль цеста не перастане ліпнуць да рук. Накрываем міску рушніком і пакідаем на 1,5 гадзіны.

На начынку:

Цыбулю рэжам на паўкольцы, ачышчаны яблык і рэжам на кубікі. На патэльні разаграваем алей, дадаём цыбулю, яблык і размарын, тушым 15 хвілін на маленькім агні. Даём начынню састыць.

Цеста дзелім на 12 кавалкаў, з кожнага фарміруем праснак памерам менш за далонь. Выкладваем праснакі на пергамент, трохі змазаны алеем. Пасярэдзіне кладзём начынне. Пакідаем яшчэ на 30 хвілін, каб праснакі падняліся.

Пераносім пергамент на бляху. Выпякаем праснакі прыкладна 15 хвілін у духоўцы пры 180 градусах.

Вольга Чарнова, фота аўтаркі