Прасямейныя арганізацыі Беларусі збіраюць подпісы супраць закона аб хатнім гвалце. Каардынатар — «казак» Шапко

Днямі Каардынацыйны савет грамадскіх прасямейных сіл Беларусі аб’явіў пра пачатак збору подпісаў супраць прапаноў Міністэрства ўнутраных спраў, якія тычацца супрацьстаяння сямейнаму гвалту.

24.08.2018 / 12:18

Мы ўжо расказвалі пра канцэпцыю патэнцыйнага закона ад МУС, які можа быць прыняты ўжо ў 2019 годзе, і падрабязна апісвалі яго асноўныя прарыўныя пункты.

У прыватнасці, канцэпцыя прадугледжвае пашыранае азначэнне хатняга гвалту і яго ўдзельнікаў, забарону на біццё дзяцей і іншае.

Аднак прасямейныя арганізацыі кшталту «Выратавання немаўлят», «Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Мамалета», «Бацькоўства», «Горад без наркотыкаў», «Адкрытыя сэрцы», «Цэнтра падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакрова», прадстаўнікі Аб'яднанай царквы ХВЕ ў Беларусі, прадстаўнікі царквы ЕХБ

лічаць, што гэты закон «парушае іерархію ў сям’і, і такім чынам робіць з яе псеўдасям’ю»; ставіць дзяцей вышэй за сваіх бацькоў (што дазваляе дзецям «патрабаваць грошы на кішэнныя выдаткі, пагражаць сваім бацькам»); «прывядзе да фактычнага прызнання гендарнай роўнасці (сцірання межаў паміж жанчынай і мужчынам), прызнання розных нетрадыцыйных палоў і палавой ненармальнасці».

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: ic.pics.livejournal.com.

Прадстаўнікі згаданых арганізацый збіраюць подпісы ад усіх зацікаўленых грамадзян з фармулёўкай «у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў». На іх погляд, абараняць гэтыя каштоўнасці варта не дадатковай працай з агрэсарамі, а змаганннем з сапраўднай праблемай: «узровень гвалту нарастае з прычыны ўплыву масавай культуры, разрыву сямейных традыцый, высокага ўзроўню спажывання алкаголю на душу насельніцтва, а таксама высокага ўзроўню агрэсіі ў СМІ, рэкламе, кіна- і відэапрадукцыі, інтэрнэце». Іх яны плануюць разаслаць ва ўсе падведамасныя арганізацыі.

Другой партыяй лісты паляцяць на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Колькі подпісаў удалося сабраць?

Мы датэлефанаваліся ў некалькі арганізацый, каб распытаць, колькі подпісаў супраць яны ўжо сабралі і колькі плануюць. Адказы пераважна былі расплывістыя:

«Нельга сказаць пра агульную колькасць. Няважна колькі, галоўнае, каб людзі бачылі, што нам не ўсё роўна».

У якасці каардынатара гэтай ініцыятывы нам назвалі старшыню арганізацыі «Горад без наркотыкаў» Пятро Шапко, які паралельна прасоўвае ідэі казацтва ў Беларусі.

Пятро Шапко справа.

«Мы мяркуем першым этапам адправіць 1500-2000 лістоў па зацікаўленых ведамствах. А на імя прэзідэнта пойдзе больш», — коратка распавёў «НН» Пятро, але расказаць нешта падрабязней не змог.

На справе кожная з арганізацый збірае нешта сама, ніякай агульнай каардынацыі дзеянняў пакуль няма.

Што тычыцца актыўнасцяў з падпісным лістом у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, то на сёння яго спампавалі ўсяго 153 разы.

Чытайце таксама:

МУС рыхтуе рэвалюцыйны закон супраць хатняга гвалту і сэксуальных дамаганняў - гутарка пра яго неабходнасць

КК