Школьніцы не знайшлося пары на выпускны, таму яна пайшла на яго з кардонным Дэні Дэ Віта. Акцёр адрэагаваў імгненна ФОТЫ

17-гадовая жыхарка Пенсільваніі Элісан Клос не знайшла сабе пары на выпускны баль. Дзяўчына не разгубілася і вырашыла, што яе кавалерам будзе акцёр Дэні Дэ Віта (зорка фільмаў «Палёт над гняздом зязюлі», «Бэтмэн вяртаецца», серыяла «Таксі» і інш.).

05.06.2018 / 12:19

«Двайніка» акцёра Элісан знайшла на Amazon. Разам з каляскай для яго перавозкі пакупка каштавала 100 даляраў.

Па словах Элісан, сябры падтрымалі яе ідэю, а мама была настроеная скептычна. Дзяўчына адправілася з «Дэ Віта» на выпускны, надзеўшы на яго гальштук: яны танчылі і фатаграфаваліся ў фотабудцы. «Дэні не падобны да іншых людзей. Мы не спрачаемся і не сварымся», — распавяла яна.

Рэакцыя акцёра не прымусіла сябе чакаць. Сёння ў інстаграме рэжысёра Роба Макэлхані з'явіўся фотаздымак Дэні разам з кардоннай Элісан і подпісам: «Хэй, Элісан. Чуў, ты ўзяла кардоннага Дэні на выпускны. Вось супадзенне: ён узяў кардонную Элісан у [бар] «Paddy's»».

Дэ Віта разам з дзяўчынай, якая ўзяла яго кардоннага «двайніка» на свой выпускны.

Nina.nn.by