Меланія Трамп абвергла чуткі, што пакінула Белы дом

31.05.2018 / 06:40

Жонка прэзідэнта ЗША Меланія Трамп, якая не з'яўляецца на публіцы з моманту нядаўняй аперацыі, публічна спыніла чуткі пра сваё здароўе і шлюб.

У інтэрнэце пачалі цыркуляваць здагадкі, што першая лэдзі вярнулася ў Нью-Ёрк са сваім сынам Бэранам, ці што яна пагадзілася прыняць удзел у расследаванні спецпракурора Роберта Мюлера. Пісалася таксама, што яна пакінула Белы дом і зараз жыве з бацькамі ў Вашынгтоне.

Апошні раз яе бачылі разам з Дональдам Трампам 20 дзён таму на цырымоніі сустрэчы трох амерыканскіх вязняў, якія вярнуліся ў ЗША пасля заключэння ў Паўночнай Карэі.

«Будзьце ўпэўненыя, я тут у Белым доме з маёй сям'ёй», - гаворыцца ў яе афіцыйным акаўнце ў «Твітэры»

I see the media is working overtime speculating where I am & what I'm doing. Rest assured, I'm here at the @WhiteHouse w my family, feeling great, & working hard on behalf of children & the American people!

— Melania Trump (@FLOTUS) 30 мая 2018 г.
.

Да гэтага Белы дом ужо заявіў, што адносіны пары Трампаў моцныя як ніколі.

14 мая Белы дом заявіў, што 48-гадовая Меланія Трамп была шпіталізавана для працэдуры эмбалізацыі нырачнай артэрыі для лячэння дабраякаснага наватвора.

«Аперацыя прайшла паспяхова, ускладненняў не было», - паведаміў Белы дом пасля яе выпіскі 20 мая.

Але пяці дзён, праведзеных у лякарні, аказалася дастаткова для ўзнікнення плётак.