82 жанчыны выступілі супраць гендарнай няроўнасці ў Канах

15.05.2018 / 11:45

У мінулыя выхадныя 82 жанчыны — у тым ліку старшыня журы 71-га Канскага кінафестывалю Кейт Бланшэт, рэжысёры Аньес Варда і Паці Джэнкінс, актрысы Крыстэн Сцюарт, Сальма Хаек, Марыён Каціяр і Леа Сейду — выступілі супраць гендарнай няроўнасці на Канскім кінафестывалі.

Колькасць удзельніц, якія вырашылі нагадаць пра свае правы, не выпадковая: «82 — роўна столькі фільмаў, знятых жанчынамі, было прадстаўлена ў Канах з 1966 года», — патлумачыла Бланшэт.

Moving, historic, 82 women from all countries and professions in cinema have just made the red carpet entrance for LES FILLES DU SOLEIL (GIRLS OF THE SUN) by Eva Husson. #Cannes2018 #Competition pic.twitter.com/0YY9SNbRqg

— Festival de Cannes (@Festival_Cannes) May 12, 2018

Па словах актрысы, за 71 год існавання фестывалю жанчыны ўзначальвалі журы толькі 12 разоў, а «Залатой пальмавай галінай» былі ўзнагароджаны толькі дзве жанчыны: Джэйн Кэмпіён атрымала галоўны прыз кінафестывалю за драму «Піяніна» ў 1993 годзе, а ў 2015 годзе ганаровую «Залатую пальмавую галіну» за заслугі ў кінематографе ўручылі Аньес Варда.

«Мы патрабуем, каб у нашай працоўнай прасторы панавалі разнастайнасць і справядлівасць, якія адлюстроўваюць свет, у якім мы жывём — свет, дзе ўсе мы, па абодва бакі аб'ектыва, квітнелі бы нароўні з нашымі калегамі-мужчынамі, — заявіла Бланшэт. — Кар'ерная лесвіца ў нашай індустрыі павінна быць даступная для ўсіх».

Nina.nn.by