Замежны эксперт прапаноўвае пытацца ў дзіцяці дазволу на змену падгузка — навошта? І што думаюць пра гэта айчынныя спецыялісты?

а што вы думаеце?

З заявай прасіць у дзіцяці дазволу, перш чым змяніць падгузак, выступіла сэкс-педагог Дэйн Карсан. На яе думку, такія паводзіны з дзяцінства фарміруюць «культуру згоды» (гэта ў будучыні дапаможа выразна дасылаць сігналы нязгоды на нейкае дзеянне, нават калі ідзе гаворка пра сэксуальны гвалт).

11.05.2018 / 19:08

Пра гэта напісала выданне The Independent.

Дэйн Карсан.

Дэйн рэкамендуе бацькам заўсёды задаваць дзецям пытанне: «Я збіраюся змяніць твой падгузак, добра?». Вядома, малы не зможа адказаць: «Так, мам, гэта выдатна, я б хацеў, каб ты памяняла мне падгузак». Але экспертка ўпэўненая, калі вы зробіце паўзу, дачакаецеся мовы цела і ўсталюеце глядзельны кантакт, вы дазволіце дзіцяці разумець, што яго адказ мае значэнне. Па словах Карсан, якая працуе як педагог з дзецьмі ад трох год, чым раней бацькі возьмуць гэта сабе за правіла, тым лепш.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца babyzakaz.ru.

Прапанова Карсан разляцелася па многіх сусветных СМІ і ў шмат каго выклікала неўразуменне.

Педыятр-рэаніматолаг Зміцер Салошкін, да якога мы звярнуліся па каментар, таксама здзівіўся такой незвычайнай парадзе.

«У мяне складваецца ўражанне, што сёння існуе пэўная тэндэнцыя, калі людзі свае дарослыя тэорыі адзін у адзін перакладаюць на дзяцей. Без даследаванняў, якія б іх пацвярджалі. Проста нехта адзін самы напорысты закідвае ідэю ў масы, а бацькі яе падхопліваюць, каб выглядаць прасунутымі. Як бацьку чатырох дзяцей мне цікава было б паглядзець, як гэта выглядае: пытаць у малога дазвол на гігіенічную працэдуру. Ёсць жа натуральныя рэчы, якія бацькі робяць, бо гэта іх абавязак. І калі падгузак сапраўды трэба замяніць, а дзіцяці неяк падасць сігнал «не», то як яго угаворваць? Да трох год у дзяцей яшчэ фарміруецца адчуванне сябе як асобы, са сваімі жаданнямі і іх адсутнасцю. Да трох жа год яны атаясамліваюць сябе з маці ці з тым, хто побач. Канечне, нічога дрэннага ў тым, каб час ад часу пытацца ў дзіцяці пра яго згоду, няма. Хай у яго ў галаве адкладваецца, што з ім лічацца. Але калі рабіць гэта кожны раз, калі мяняеш падгузак, гэта ўжо неадэкватна», — пракаментаваў доктар.

Nina.nn.by