Новазеландскі супермаркет увёў «ціхую гадзіну пакупак» для людзей з аўтызмам

У гэты час работнікі выключаюць музыку, прыглушаюць святло і не грукочуць вазкамі.

19.04.2018 / 15:27

Супермаркет у новазеландскім горадзе Мартан увёў спецыяльную «ціхую гадзіну» для пакупнікоў з аўтызмам. Па серадах з 15 да 16 гадзін у краме выключаецца фонавая музыка, прыглушаецца святло, а работнік не збірае вазкі на паркоўцы.

Ідэю прапанавала супрацоўніца супермаркета Лара Хог, у якой ёсць 13-гадовы сын па імені Хантэр, які пакутуе на цяжкую форму аўтызму. Менеджар крамы падтрымала акцыю, і першая «ціхая гадзіна» прайшла 4 красавіка.

У Мартане пражывае некалькі дзясяткаў людзей з аўтызмам. Мясцовая жыхарка Анэт Браўн прызналася, што для яе і яе сына паходы ў краму ў гэты час сталі сапраўдным выратаваннем.

Падчас «ціхай гадзіны» ў краму дапускаюцца ўсе пакупнікі, але работнікі просяць іх паводзіць сябе цішэй.

Цяпер кампанія разглядае пытанне аб разгортванні «ціхай гадзіны» ў іншых гарадах, дзе ёсць крамы сеткі.

Nina.nn.by