Памёр куцюр'е Юбер дэ Жываншы

Ва ўзросце 91 года памёр стваральнік аднаго з дамоў высокай моды Юбер дэ Жываншы, паведаміў яго памочнік. 

12.03.2018 / 18:12

Мадэльер, сярод знакамітых кліентак якога былі першая лэдзі ЗША Жаклін Кэнэдзі і актрыса Одры Хепберн, памёр у суботу 10 сакавіка.

«Месье дэ Жываншы памёр у сне, — заявіў яго кампаньён, таксама мадэльер Філіп Вене. — Яго пляменнікі, пляменніцы і яго дзеці падзяляюць боль гэтай страты».

Модны дом Жываншы таксама пацвердзіў скон свайго заснавальніка.

З першага паказу сваіх мадэляў ў 1952 годзе да адстаўкі з пасады кіраўніка моднага дома ў 1995-м Юбер Тафэн дэ Жываншы быў адным з заканадаўцаў парыжскай моды.

Самым вядомым узорам яго элегантнага стылю была чорная сукенка гераіні Одры Хепберн ў фільме «Сняданак у Ціфані».

Заснаваны ім дом быў ў 1988 годзе прададзены кампаніі LVMH (Moët Hennessy - Louis Vuitton).