Беларускіх жанчын клічуць валіць лес за годны заробак

Эксперыментальная жаночая група па падрыхтоўцы машыністаў шматаперацыйных лесанарыхтоўчых машын (фарвардараў і харвестараў) цяпер камплектуецца ў Рэспубліканскім цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў лясной гаспадаркі.

22.01.2018 / 17:03

Спецыялісты спадзяюцца, што эксперымент пройдзе паспяхова, бо жанчын часта адрознівае ўважлівасць, акуратнасць і ашчаднасць.

Прэтэндэнткам трэба проста мець пасведчанне трактарыста-машыніста з адзнакай з дазволам кіраваць трактарамі і машынамі катэгорыі «В», а таксама медыцынскую даведку адпаведнага ўзору.

Навучанне пачнецца, як толькі будуць укамплектаваныя групы (мінімум 12 чалавек), яно зойме ўсяго некалькі тыдняў.

У Рэспубліканскім цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў лясной гаспадаркі не змаглі назваць заробак, на які змогуць прэтэндаваць дзяўчаты. Аднак маніторынг у інтэрнэце вакансій аператараў харвестараў і фарвардараў дае лічбы ад 1 да 4,5 тысячы рублёў у залежнасці ад кваліфікацыі.

Nina.nn.by