У Швецыі хутка пачне дзейнічаць закон, які абавязвае атрымаць згоду на сэкс

Парламент Швецыі ўхваліў законапраект, згодна з якім мужчына абавязаны атрымліваць адназначную згоду жанчыны перад сэксам. У адваротным выпадку ён можа быць абвінавачаны ў згвалтаванні, нават калі сэкс быў па ўзаемнай згодзе. Пра гэта паведамляе Focus.

20.12.2017 / 19:05

Закон пачне дзейнічаць у ліпені 2018 года. Ухваленнем гэтага акта шведскі ўрад адрэагаваў на грамадскія дэбаты пра сэксізм і сэксуальны гвалт, што бурляць у сувязі са скандаламі ў ЗША і іншых краінах.

У будучыні жанчынам ужо не трэба будзе адназначна выказваць нязгоду ўступіць у акт, каб яго можна было прызнаць згвалтаваннем. Закон будзе распаўсюджвацца не толькі на выпадковыя сувязі, але і на пары, што знаходзяцца ў доўгіх стасунках, у тым ліку на мужа і жонку.

«Пасыл просты — ты павінен спытаць у свайго партнёра, ці хоча гэты чалавек сэксу. Калі не ўпэўнены, кінь гэта. Сэкс павінен быць добраахвотным», — сказаў кіраўнік урада Швецыі Стэфан Лёфвен.

Nina.nn.by