У Францыі адкрылі гарачую лінію для «ахвяраў» абаронцаў жывёл

Мяркуюць, што па дапамогу будуць звяртацца аматары футра і скуры, паведамляе birdinflight.com.

14.12.2017 / 16:44

Фота Дыега Зука, harpersbazaar.com.

Французская федэрацыя футра стварыла гарачую лінію для тых, хто пацярпеў ад актывістаў зоаабарончых арганізацый, дакладвае выданне WWD. Патэлефанаваўшы па нумары, чалавек зможа атрымаць псіхалагічную дапамогу і юрыдычную кансультацыю.

«Кожны тыдзень людзі, якія носяць футра, падвяргаюцца вуснай і фізічнай агрэсіі з боку радыкальных актывістаў», — распавялі прадстаўнікі Французскай федэрацыі футра.

Акрамя таго, арганізацыя плануе прыцягнуць да адказу маркі, якія «публічна адмаўляюцца ад футра, але пры гэтым выкарыстоўваюць іншыя матэрыялы жывёльнага паходжання пры стварэння сваіх калекцый — такія як скура, воўна і шоўк».

Таксама ёсць пытанні да дамоў мод, «якія заклікаюць выкарыстоўваць замест футра сінтэтычныя матэрыялы, атрыманыя з нафты, якія не гніюць і забруджваюць наваколле».

У адказ на гэта ў зоаабарончай арганізацыі PETA заявілі: «Пакуль на вітрынах крамаў ёсць адзенне, вырабленае са скуры жывёл, PETA і іншыя асацыяцыі і актывісты будуць працягваць бараніць жывёл, якіх падвяргаюць пакутам і забіваюць. Мы таксама заклікаем спажыўцоў, якія занепакоеныя дабрабытам жывёл, патрабаваць ад уладаў забароны вытворчасці футра ў Францыі».

Nina.nn.by