Дызайнерка прыдумала смешную плюшавую бульбу ФОТЫ
Абаяльны Батон, удумлівы Сафокл і сама пяшчота гэтага свету — Сашанька. Трох гэтых чыста беларускіх персанажаў стварыла дызайнерка Марына Жардзецкая.
14.12.2017 / 01:59
Задумана плюшавая бульба найперш як каларытны беларускі сувенір. Цацкі насамрэч невялікія, 10-15 сантыметраў. Гэта ручная праца.
Але ёсць яшчэ і Цар Бульба, ён удвая большы — 30 сантыметраў.
«Мне хацелася, каб у нас былі нейкія цікавыя беларускія сувеніры, — кажа майстарка Марына Жардзецкая. — Я ўжо некалькі год займаюся шыццём, раблю цацкі і падушкі, таму звяртаю ўвагу на тое, што ў нас прадаецца. І заўважыла, што беларускія сувеніры, па-шчырасці, «калгасныя»: з саломы, з прыклеенымі вачамі… Мне б не хацелася, напрыклад, такі сувенір. Калі б я прыехала ў Мінск пашпацыраваць, мне б хацелася забраць штосьці больш сучаснае і вясёлае. І я падумала, што можна зрабіць такую бульбу са смешнымі вачамі, з эмоцыямі, каб людзям захацелася ўзяць яе з сабой, паказаць іншым, якая ў нас тут бульба жыве. І беларусам таксама, думаю, будзе цікава завесці ў сябе дома маленькую бульбу».
Замовіць сабе плюшавага бульба-сябра можна на Ulej. Адзін абыдзецца ў 8 рублёў, адразу тры — у 20 рублёў.
«Так, у яе няма ніякага функцыяналу, і ўсе яе відавочныя перавагі зводзяцца да бездакорнага вонкавага выгляду. Але гэта не ўсё. У Бульбы ёсць душа, і больш за ўсё на свеце яна хоча стаць тваім самым верным сябрам», — так прэзентуюць гэтыя мілыя стварэнні.