Куда сводить детей на новогодний праздник по-белорусски — топ событий в Минске

подскажите это знакомым

Новы год не за гарамі, а, як вядома, больш за ўсё гэта свята любяць дзеці. Афішамі з прапановамі правесці зімовыя канікулы разам з Дзедам Марозам і Снягуркай на спектаклях ды балях абвешаны ўвесь горад, але беларускамоўных сярод іх няшмат. Мы пашукалі і сабралі іх разам у адным месцы.

06.12.2017 / 14:06

Для самых маленькіх

Беларуска-нямецкія Каляды

Музей Максіма Багдановіча прапаноўвае забіць двух зайцаў адразу: пазнаёміцца з традыцыямі і беларускага святкавання Калядак, і нямецкага. Акрамя традыцыйных хэнд-мэйд майстар-класаў, падчас якіх вас навучаць упрыгожваць пернікі і калядныя цацкі, абяцаюць батлейку і выступ ансамбля народнай песні «Гаманіна». Да імпрэзы трэба падрыхтаваць Дзеду Марозу верш і згатаваць што-небудзь салодкае — самым таленавітым і шчырым гасцям ён шчодра аддзячыць.

Казка «Як Кікімара Снягуркаю была»

Ад 20 снежня па 2 студзеня ў Тэатры юнага гледача дзецям будзе дазволена тое, што звычайна не дазваляюць тут дарослым: танчыць, гучна крычаць і нават есці. Усё гэта ў межах навагодняй казкі «Як Кікімара Снягуркаю была». Акрамя агучанай Кікімары, забаўляць дзетак будуць лясун Лёха і Дзед Мароз.

Казка «Як літара Ў уратавала Каляды»

Літара Ў — адна з галоўных адметнасцяў, упрыгожанне беларускай мовы. Таму не дзіва, што ў гонар яе называюць кавярні, ставяць ёй помнікі і вось цяпер прысвячаюць казку, якую можна будзе паглядзець 30 снежня і 4 студзеня. Казка пра тое, як аднойчы літара ўратавала Каляды. Схадзіце дазнайцеся, як у яе гэта атрымалася, і пасля добра аддзячце за тое, што не згубілі гэтае цудоўнае свята продкаў.

Паказ «Прыгоды на Калядкі»

Перад Новым годам, вядома, нас чакаюць не менш разухабістыя Калядкі. Калі вашаму дзіцяці пакуль рана хадзіць па хатах у вобразах казы ці мядзведзя, можаце паглядзець, як гэта робяць іншыя. Студыя традыцыйных беларускіх святаў «Ланцужок» пакажа «Прыгоды на Калядкі». Абяцаюць не толькі расказаць, куды і адкуль ідуць калядоўшчыкі, але і пачаставаць смачнымі пернікамі і традыцыйнай куццёй.

Для школьнікаў

Квэсты і майстар-класы «Да Коласа на Новы год»

Ужо з 11 снежня музей Якуба Коласа запрашае на святочную праграму з майстар-класамі па вырабе паштовак і календароў, квэстамі і лялечнымі паказамі. Выдатная магчымасць прадэманстраваць дзецям, што музеі — гэта зусім не сумна. Асабліва інтрыгуе анансаваная гульня-спаборніцтва на найлепшы кароткаметражны ролік «Як бы Якуб Колас адзначаў Новы год у ХХІ стагоддзі». А сапраўды, як?

Экскурсіі «На Каляды ў музей»

Свае Калядкі будуць святкавацца і ў Раўбічах у Музеі беларускага народнага мастацтва. З калядоўшчыкамі, нацыянальнымі спевамі і танцамі — усё як мае быць (хто не ўмее танчыць, таго навучаць). А яшчэ прадэманструюць майстэрства саломапляцення, таму дамоў вы дакладна вернецеся не з пустымі рукамі, а як мінімум з уласнай цацкай-анёлам.

Канцэрт «Зімовыя святкі»

Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» вядомы канцэртнымі нумарамі са спевамі палешукоў. Цымбалы, гармонік, барабан і розныя старадаўнія інструменты ў спалучэнні з народнымі спевамі і танцамі — моцная энергетыка. Праўда, перад тым, як весці на канікулах у філармонію дзіця, вызначце дакладна, ці здольнае яно спакойна прасядзець як мінімум гадзіну.

Дарэчы, асобнай праграмай у філармоніі аб’яўлены снежны бал, які можна будзе наведаць у любы дзень з 24 снежня па 7 студзеня (і нават на самы Новы год).

Калі вы ведаеце яшчэ пра нейкія навагоднія падзеі для дзетак на беларускай мове, асабліва ў іншых гарадах Беларусі, — пішыце ў каментарах!

Кацярына Карпіцкая, фота на застаўцы Сяргея Гудзіліна