Што такое мэнспрэдынг? І ці магчыма з гэтым змагацца?
Тыя, хто хоць некалькі разоў катаўся ў метро, не мог не сутыкацца з такой з’явай, калі мужчына шырока раскідвае ногі. Гэта дастаўляе дыскамфорт людзям, якія сядзяць з ім побач.
08.08.2017 / 15:00
Такія мужчынскія паводзіны ўласцівыя не толькі на постсавецкай прасторы, з той жа праблемай сутыкаюцца пасажыры метро ў Нью-Ёрку, Токіа ці Мадрыдзе. З’ява абсалютна інтэрнацыянальная.
У англійскай мове існуе нават асобнае слова на такія дзеянні — manspreading. Ад англійскіх словаў «мужчына» і «раскідваць».
«Ужо да Расіі гэты маразм дакаціўся. Гэтыя феміністкі хоць бы мужчынскую анатомію сабе ўяўлялі, або ім, акрамя ўласных комплексаў, нішто не важна?» — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку прарасійскі грамадскі актывіст Арцём Агафонаў пасля прагляду рэпартажа на тэлеканале «Дождь».
Цікава, што ў сацыяльных сетках за мужчын, якія так паводзяцца ў грамадскім транспарце, пачалі заступацца многія жанчыны. Маўляў, гэта банальная анатомія і мы саступім месца, каб ім было зручна сядзець.
У Нью-Ёрку можна атрымаць штраф за занадта шырока расстаўленыя ногі. Былі выпадкі, калі паліцэйскія сапраўды арыштоўвалі мужчын за падобныя паводзіны.
Адзін з затрыманых лацінаамерыканцаў тлумачыў выданню The Huffington Post, што сціснутыя калені — гэта праява слабасці ці гомасэксуалізму. Праціўнікі ж кажуць, што гэта элементарная культура. І любы мужчына здольны сядзець у транспарце так, каб не ўшчамляць сваіх суседзяў.
Сёлета ў чэрвені знакі, якія забараняюць мужчынам шырока раскідваць ногі, з’явіліся ў мадрыдскім метро. Падобная сацыяльная рэклама з’яўляецца і ў іншых сусветных гарадах.
У Беларусі праблему мэнспрэдынгу на грамадскае абмеркаванне пакуль не выстаўлялі. Найчасцей гэта абмяжоўваецца допісамі блогераў ці не вельмі заўважнымі публікацыямі ў СМІ.